Index » Reference books » Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III » Том II » ТАНК Максім
[сапр.: Скурко Яўген Іванавіч; іншыя псеўданімы: Аўгень Бура; А.Граніт; 4(17).9.1912, в. Пількаўшчына Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 7.8.1995, Мінск], паэт, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Вілейскай рускай гімназіі і Радашковіцкай беларускай гімназіі, дзе ўступіў у члены падпольнай камсамольскай арганізацыі. За ўдзел у забастоўцы ў пачатку 1929 выключаны з гімназіі. Нейкі час вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, з якой выключаны за непаслушэнства, потым — у Віленскай рускай гімназіі. Разам з аднакласнікам ў 1931 выпусціў рукапісны час. «Пралом», дзе змясціў свае першыя вершы. З 1932 актыўна публікаваўся ў нелегальным друку. Арыштаваны ў сак. 1932; трапіў у віленскую турму Лукішкі. Вызвалены праз месяц. Восенню 1932 нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу. Неўзабаве вярнуўся ў Зах. Беларусь на падпольную работу. Неаднойчы арыштоўваўся. З перапынкамі правёў у турмах каля двух гадоў. У канцы 1933 у Лукішках выдаваў падпольны час. «Краты». З 1936 член КПЗБ. Супрацоўнічаў у легальных выданнях «Poprostu», «Наша доля», «Беларускі летапіс», «Калоссе». Кнігі Т. «На этапах» (1936) і «Нарач» (1937) канфіскоўваліся ўладамі. Стаў вядучым паэтам зах.-бел. літаратуры. Пасля з’яднання Зах. Беларусі з БССР працаваў у газ. «Віленская праўда», вілейскай абл. «Сялянскай газеце». У час вайны працаваў у газ. «За Савецкую Беларусь», у рэдакцыі газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». У 1948—67 галоўны рэдактар час. «Полымя». У 1967—90 — старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Народны паэт Беларусі (1968). Акадэмік АН Беларусі (1972). Імем Т. названы Беларускі дзяржаўны педагагічны ун-т і вуліца ў Мінску.
Тв.: Зб. тв.: У 6 т. Мн., 1978—81.
Лiт.: Калеснік У. Паэзія змагання: Максім Танк і заходнебеларуская літаратура. Мн., 1959; Бугаёў Д. Паэзія Максіма Танка. Мн., 1964; Рагойша В. Паэтыка Максіма Танка. Мн., 1968; Калеснік У. Максім Танк: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981; Арочка М. Максім Танк: Жыццё ў паэзіі. Мн., 1984; Верабей А. Максім Танк і польская літаратура. Мн., 1984; Мікуліч М. Паэзія рэчаіснасці: У свеце Максіма Танка. Мн., 2001; Ліс А. На разломе эпохі // Полымя. 2000, № 9; БП, т. 6; ЭГБ, т. 6-1.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.