Reference books of the writer, historian and scientist Leanid Marakou "Repressed public and cultural figures of Belarus"

Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Index » Reference books  » Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III  » Том II  » СЯДУРА Уладзімір Ільіч 

СЯДУРА Уладзімір Ільіч

[псеўданімы: Уладзімір Глыбінны; Кастусь Старажоўскі; крыптанімы: У. Г.; Ул. Г.; 11(24).12.1910, Мінск — 14.4.1995, Трой, штат Нью-Йорк, ЗША], літаратуразнаўца, мастацтвазнаўца, крытык, празаік, грамадскі дзеяч, заслужаны прафесар Рэнсэлерскага політэхнічнага інстытута (1976, ЗША), доктар філалогіі (ЗША). Нарадзіўся ў Мінску на Старажоўцы (цяпер вуліца Старажоўская); вучыўся пры нямецкай і польскай акупацыях, пачатковую чатырохгодку скончыў ужо пры савецкай уладзе (1923). У тым жа годзе С. паступіў у 15-ую Мінскую сямігодку, у якой вучыліся Андрэй Александровіч і некалькі іншых будучых пісьменнікаў. У 1927, пасля сканчэння сямігодкі, паспяхова здаў экзамены ў МБПТ. Тады ж «беларускі Бялінскі» (выраз загінуўшага ў канцлагеры таленавітага празаіка С.Русаковіча) стаў сябрам «Маладняка». Першыя публікацыі С. з’явіліся ў афіцыйным друку ўлетку 1929, калі ён пачаў актыўна выступаць як літаратурны крытык. Аналізаваў творчасць або рэцэнзаваў зборнікі А.Звонака, М.Лынькова, Р.Мурашкі, А.Александровіча, З.Астапенкі, В.Маракова, Т.Кляшторнага, Ю.Таўбіна і інш. У 1930 паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага ф-та БДУ. З 1931 — член БелАППа, узначальваў яе маладзёжнае крыло (разам з Б.Мікулічам і С.Ліхадзіеўскім). Арыштаваны 3.3.1933 (у Маскве, куды перавёўся вучыцца, спрабуючы схавацца ад НКВД); высланы на тры гады ў Сібір. У жн. 1935 датэрмінова вызвалены. Вярнуўся ў Мінск, але, не атрымаўшы сталічнай прапіскі, паехаў у Гомель, потым у Краснадар (вясна 1936), Растоў. Схаваўшы судзімасць, паступіў у Маскоўскі ун-т. Увесну 1938 хмары зноў пачалі збірацца, і С., не стаўшы чакаць сваёй чаргі на арышт, з’ехаў на Каўказ, потым у Крым. У жн. 1938 С. паехаў у Ленінград, дзе зноў, стаіўшы судзімасць, паступіў у Ленінградскі педагагічны інстытут імя М.Пакроўскага. У 1939 скончыў гэты інстытут і ў 1941 абараніў (у Мінску) кандыдацкую дысертацыю па філалогіі. Працаваў выкладчыкам МВПІ, адначасова старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута педагогікі Наркамасветы БССР. Арыштаваны 22.6.1941. На этапе Мінск—Чэрвень 24.6.1941 уцёк з-пад варты і вярнуўся ў Мінск. У час нямецкай акупацыі рэдагаваў час. «Новы шлях» (Рыга), друкаваўся ў «Беларускай газэце». У 1943 падрыхтаваў да друку кнігі «Беларускае мастацтва», «Жыве Беларусь», «Беларускі тэатр», якія тады не пабачылі свет. Браў удзел у 2-м Усебеларускім кангрэсе. У 1944 пераехаў у Германію, потым — Чэхію; праз некаторы час зноў вярнуўся ў Германію. З 1951 жыў у ЗША. З 1959 узначальваў кафедру сучасных моў і рускай літаратуры ў Школе гуманітарных навук Рэнсэлерскага політэхнічнага інстытута ў Троі (Troy). Спецыяліст па рускай літаратуры, найперш па творчасці Ф.Дастаеўскага. У канцы 1980-х г. здароўе С. пагоршылася. Перанёс інсульт, пасля якога быў прыкаваны да ложка ўсе апошнія гады жыцця.

Кр.: НАРБ, ІКР.

Тв.: Смаленшчына — адвечная зямля беларускага народу: Гістарычны нарыс. Берлін, 1944; Достоевсковедение в СССР. Мюнхен, 1955; Dostoyevski in Russian Literary Criticism. 1846—1956. New York, 1957. Second ed. New York, 1969; Доля беларускае культуры пад Саветамі. Мюнхен, 1958; На берагах пад сонцам. Апавяданні і аповесці. Нью-Йорк. 1964; На святой зямлі. Лондан. 1972; Паэта з божай ласкі. Нью-Йорк. 1979; Пад лебядзіным знакам: Аповесць пра Максіма Багдановіча. Трой; Нью-Йорк, 1983; Вялікія дарогі. Грэнд Рэпідз. ЗША. 1997.

Лiт.: Жыцьцяпіс беларускага публіцыстага У.Глыбіннага / Публ. А.Гесь // Спадчына. 1997, № 3; Маракоў Л. Уладзімір Сядура: шляхі беларускага паломніка // Полымя. 2000, № 2.


 
 

© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.

Web-Development - "Kasper-Studio"