Index » Reference books » Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III » Том II » СТАЦКЕВІЧ Фелікс Іванавіч
[псеўданім: Аганёк; 2(14).12.1879, мяст. Шчучын Лідскага пав. Віленскай губ., цяпер Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл. — 21.6.1967, Вільнюс], выдавец, мемуарыст, педагог, юрыст. У 1891—1900 вучыўся ў гімназіі ў Пецярбургу. У 1900 паступіў на юрыдычны ф-т Пецярбургскага ун-та. За ўдзел у студэнцкім руху і дэманстрацыях у лют. і сак. 1901 выключаны з ун-та. Арыштаваны і высланы на радзіму пад нагляд паліцыі. Займаўся прыватнай настаўніцкай працай. У 1902 працаваў у прыватнай натарыяльнай канторы ў Марыупалі. У 1903 уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. У 1903—05 працаваў на Прыладажскіх каналах. У 1905 вучыўся ў Кракаве на наборшчыка. У рэвалюцыю 1905—07 вёў рэвалюцыйную прапаганду ў Вільні і Мінску, наладзіў выпуск пракламацый. У сак. 1906 арганізаваў падпольную друкарню ў Мінску, якая праіснавала да жн. 1907 пад назвай «Аганёк» (адсюль і псеўданім С.). Быў блізка знаёмы з А.Пашкевіч (Цёткай) і А.Бурбісам. З 1908 сакратар адвакатаў Шабуні і Дземідовіча ў Ігумене (Чэрвень), тэхнік у Ноўгарадзе, Вышнім Валачку (1913), Цвяры (1913—1919). У 1913 скончыў Пецярбургскі ун-т. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працаваў у прафсаюзах. У 1919—20 супрацоўнік выдавецкага аддзела Наркамата асветы Літоўска-Беларускай ССР. У 1920—23 супрацоўнік Віленскага беларускага саюза кааператываў. У 1923 выкладчык лацінскай мовы і дырэктар Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Ф.Скарыны. З 1928 старшыня Галоўнай управы ТБШ. Адначасова працаваў у Савеце адвакатаў пры Віленскім апеляцыйным судзе. Абвінавачваўся ў «скамунізаванні» ТБШ, у 1930 і 1933 арыштоўваўся. Рэдактар-выдавец штомесячніка «Летапіс Таварыства беларускай школы» (1933), супраць якога польскія ўлады разгарнулі рэпрэсіі. У 1936 выданне было ўзноўлена пад назвай «Беларускі летапіс». Удзельнік антыфашысцкага Народнага фронту Зах. Беларусі. У 1939—41 настаўнік у Вілейцы і Клецкім р-не. У 2-ю сусветную вайну працаваў суддзёй у Смаргоні. У 1944—49 супрацоўнік Беларускага музея ў Вільні і Музея А.С.Пушкіна ў Маркучай (пад Вільняй). Арыштаваны і зняволены ў 1949. Пасля вызвалення ў 1950-х г. жыў у Вільні. Быў актывістам руху эсперантыстаў, склаў «Эсперанта-беларускі слоўнік» (рукапіс у Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі), пераклаў на мову эсперанта кнігу Л.Петражыцкага «Тэорыя права і маральнасць» (публікацыя не выяўлена). Напісаў успаміны пра ўдзел у грамадскіх рухах першай паловы ХХ ст. (рукапіс захоўваецца ў БДАМЛіМ).
Тв.: Успаміны і думкі // Беларускі звон. 1921, 17 крас.; З мінуўшчыны беларускага руху // Беларускі летапіс. 1937, № 6—9; З маіх успамінаў // ЛіМ. 1990, 17 жн.
Літ.: Клейн Б. Открытая книга бытия… // Неман. 1979, № 9; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.