Index » Reference books » Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III » Том II » САБIЛА Эрнст
[нар. 18.3 (паводле пашпарта 31.12) 1932, в. Дзегцяроўка Мінскага р-на, сёння ў межах Мінска], рэлігійны дзеяч, вязень сумлення, публіцыст. У сярэдзiне 1930-х г. сям’ю Сабiлаў як ненадзейных выселiлi далей ад блiзкай савецка-польскай мяжы. Яны пасяліліся ў Бабруйску. Яшчэ хлопчыкам С. далучыўся да евангельскіх хрысціянаў, дзейнасць якіх была легалiзавана ў час нямецкай акупацыi. На працягу 1943—44 сям’я Сабiлаў супрацоўнiчала з савецкiм партызанскiм атрадам на Бабруйшчыне. Пасля вайны С. паступіў у Мінскі медiнстытут; арыштаваны ўлетку 1951. Праз два месяцы асуджаны на расстрэл у фармулёўцы суда за «антысавецкую агiтацыю на падставе рэлiгiйных i нацыянальных забабонаў». Пакаранне было заменена на 25 гадоў лагераў. З 1951 да 1956 адбываў зняволенне ў лагерах Электрасталь (Падмаскоўе), Усць-Каменагорск (Паўн. Казахстан), у Кемераўскай вобл., а таксама ва Уладзiмiрскай турме. У 1953 i 1954 рабiў спробы ўцячы, i, паводле ўласнага прызнання, толькi цудам застаўся жывы. У 1956 Судовай калегiяй Вярхоўнага Суда СССР рэабiлiтаваны. Са студз. 1957 зноў вязень ГУЛАГа. Да 1964 знаходзiўся ў Мардовii. Адразу пасля вызвалення ў 1964 за С. быў наладжаны нагляд КДБ. У 1970-х г. здолеў скончыць вячэрняе аддзяленне Мінскага iнстытута замежных моў. Напачатку 1970-х г. стаў прапаведнiкам адной з незарэгiстраваных баптысцкiх абшчын Мінска. З 1988 прасвiтар Евангельскай царквы ў Мінску. Актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, выступае ў сродках масавай iнфармацыi i на мiтынгах. З сярэдзiны 1990-х г. найбольшыя намаганнi аддае сваёй царкве.
Літ.: Эрнст Сабiла: «Мая вайна — на каленях перад Богам» (інтэрв’ю) // Наша Нiва. 1998, № 14; Квяткоўскi С. Эрнст Сабiла // Дэмакратычная апазыцыя.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.