Index » Reference books » Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III » Том II » ПІЧЭТА Уладзімір Іванавіч
[9(21).10.1878, Палтава, Украіна — 23.6.1947, Масква], гісторык. У 1901 скончыў Маскоўскі ун-т. У 1910—11 прыват-дацэнт, у 1918—22 прафесар Маскоўскага ун-та. У 1918 абараніў доктарскую дысертацыю «Аграрная рэформа Жыгімонта-Аўгуста ў Літоўска-Рускай дзяржаве». Па прапанове ўрада БССР узначаліў Маскоўскую камісію па арганізацыі БДУ, з ліп. 1921 рэктар БДУ. Вывучаў гісторыю ВКЛ, Польшчы, Чэхіі, Сербіі, Балгарыі, Расіі XVI—XX ст. Апублікаваў каля 150 прац па гісторыі, гістарыяграфіі, археалогіі, архівазнаўстве, краязнаўстве, гісторыі права Беларусі. Адзін з арганізатараў Інбелкульта (аўтар яго статута) і БелАН. Акадэмік БелАН (1928). У 1929 у СССР была сфабрыкавана т. зв. «акадэмічная справа» супраць акадэміка С.Ф.Платонава і іншых гісторыкаў. 13.9.1930 П. арыштаваны АДПУ СССР у Ленінградзе. Пастановай СНК БССР ад 6.12.1930 пазбаўлены звання акадэміка. Пастановай Калегіі АДПУ ад 8.8.1931 сасланы на 5 гадоў у Вятку. У чэрв. 1934 месца ссылкі заменена на Варонеж, дзе П. працаваў прафесарам у педагагічным інстытуце. У 1935 справа П. перагледжана, яму дазволілі жыць у Маскве. Паводле адной з версій вызваленне было звязана з прыездам у Маскву былога аднакурсніка П. прэм’ер-міністра Чэхаславакіі Э.Бенеша. З 1937 працаваў у Інстытуце гісторыі АН СССР, дзе з 1939 узначаліў сектар славяназнаўства; адначасова быў загадчыкам кафедры зах. і паўдн. славян Маскоўскага ун-та. З 1941 разам з інстытутам у эвакуацыі ў Ташкенце. У 1946 з акадэмікам Б.Дз.Грэкавым заснаваў і стаў дырэктарам Інстытута славяназнаўства АН СССР. Акадэмік АН СССР.
Тв.: Гісторыя Беларусі. Ч. 1. М.; Л., 1924; Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958; Белоруссия и Литва, XV—XVI вв. М., 1961; Пытанне аб вышэйшай школе на Беларусі ў мінулым. Мн., 1991.
Літ.: Академик В. И. Пичета: Страницы жизни. Мн., 1981; В. И. Пичета: Библиографический указатель. Мн., 1978; Брачев В.С. «Дело историков» 1929—1931. СПб., 1997; Іофе Э. Партрэт вучонага // Полымя. 1970, № 12. С. 215—221; Иоффе Э.Г. Академик В. И. Пичета (1878—1947) // Новая и новейшая история. 1996, № 5; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 5.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.