Index » Reference books » Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III » Том II » МРЫЙ А.
[сапр.: Шашалевіч Андрэй Антонавіч; 1(13).9.1893, в. Палуж, па іншых звестках в. Доўгавічы Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Краснапольскі р-н Магілёўскай вобл. — 8.10.1943, Мурманская вобл., ГУЛАГ], празаік, журналіст. Брат драматурга В.Шашалевіча. З сям’і валаснога пісара. Скончыў духоўнае вучылішча і Магілёўскую духоўную семінарыю (1914). Працягваў вучобу ў Кіеўскай духоўнай акадэміі. З трэцяга курса (1916) мабілізаваны ў школу прапаршчыкаў. Праз 4 месяцы адпраўлены на фронт у 94 енісейскі полк. З 1918 да 1921 у Чырвонай Арміі, камандзір 345 роты 14 палка. У 1921—26 настаўнічаў у мяст. Краснаполле (выкладаў гісторыю і французскую мову). Публікаваўся з 1924. Са сваякамі стварыў у Краснаполлі тэатр; выдаваў рукапісны час. «Пралеска». Збіраў народную лексіку, дасылаў яе ў Слоўнікавую камісію Інбелкульта. У жн. 1926 выехаў у Мінск, дзе па прапанове З.Бядулі стаў супрацоўнікам час. «Наш край», потым інспектарам Цэнтральнага бюро краязнаўства БССР. З 1933 стыльрэдактар у газ. «Звязда». Сябра літаратурнага аб’яднання «Узвышша» (з 1929; друкаваўся ў аднайменным часопісе з 1927). У 1929 напісаў сатырычны раман «Запіскі Самсона Самасуя», які быў абвешчаны «злосным пасквілем на савецкую рэчаіснасць» (цалкам апублікаваны ў 1988: Полымя, №1; экранізаваны ў 1990: «Пратарчака жыцця, або Запіскі Самсона Самасуя»). Арыштаваны 22.2.1934 па справе краснапольскіх настаўнікаў. 26.3.1934 асуджаны «тройкай» на 5 гадоў зняволення і этапіраваны ў Карагандзінскі ППЛ. Пасля падачы апеляцыі Генпракурору СССР 21.11.1934 тэрмін пазбаўлення волі зменены: тры гады высылкі ў Волагду, потым у Вельск, дзе працаваў бухгалтарам да снеж. 1937. У пачатку 1938 прыехаў у Мурманск, настаўнічаў у адной з сярэдніх школ. Зноў арыштаваны 2.6.1940. Асуджаны (праз дзесяць дзён) на 5 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Карагандзе, у Валагодскай і Мурманскай абл. У ссылцы працягваў літаратурную дзейнасць, напісаў раман з лагернага жыцця «Жывы дом». 1.3.1943 медыцынскай камісіяй прызнаны інвалідам і адпраўлены паміраць дамоў. Па некаторых звестках забіты рэцэдывістамі ў цягніку. Рэабілітаваны 6.1.1961.
Тв.: Творы. Мн., 1993.
Літ.: Васючэнка П. Вяртанне рамана, або Дзіўнае стварэнне Самасуя // ЛіМ. 1988, 29 крас.; Яго ж. Рэпрэсіраваны смех: Роздум над лёсам і творчасцю беларускага савецкага празаіка Андрэя Мрыя // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1989, № 3; Грахоўскі С. Праўдзівыя дакументы жыцця // Полымя. 1988, № 1; Чыгрын І. Андрэй Мрый: спроба сатырычнай прозы // Чыгрын І. Крокі: Проза «Узвышша». Мн., 1989; Маракоў Л. Вядомы пад псеўданімам А.Мрый // Роднае слова. 2001. № 9.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.