Index » Reference books » Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III » Том I » КОЗЕЛ-ПАКЛЕЎСКІ Ян
[Іван Іванавіч; варыянты напісання прозвішча: Козел; Казела; падпольны псеўданім: Скала; 1837, маёнтак Сэрвач Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Вілейскі р-н Мінскай вобл. — 7(19).5.1896, Бабруйск], адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Вучыўся ў Пецярбургу ў школе гвардзейскіх прапаршчыкаў і інжынернай акадэміі. Належаў да рэвалюцыйнай афіцэрскай арганізацыі. У 1859 выйшаў у адстаўку. Вучыўся ў Галоўнай вайсковай школе ў Парыжы. У 1861 вярнуўся на Радзіму; адзін з заснавальнікаў арганізацыі «чырвоных» у Мінску. З восені 1862 член Літоўскага правінцыйнага камітэта. З пачаткам паўстання па даручэнні К.Каліноўскага ездзіў у Пецярбург і Маскву дзеля ўзгаднення планаў сумеснага выступлення з З.Серакоўскім і Л.Звяждоўскім. З крас. 1863 паўстанцкі камендант Варшавы. З восені 1863 ваенны начальнік Аўгустоўскага і Гродзенскага ваяв. Са снеж. 1863 — начальнік 3-га корпуса паўстанцкіх узброеных сіл. Пасля падаўлення паўстання эміграваў у Францыю. Удзельнічаў у франка-прускай вайне. Вярнуўся ў Расію ў 1872. Быў арыштаваны, распачалося следства. Паказанні К. ў Віленскай следчай камісіі — важная гістарычная крыніца аб паўстанні (Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. 432, спр. 1352—D). Сасланы ў Сярэднюю Азію. З 1883 на Радзіме. Памёр у Бабруйску.
Літ.: Gieysztor J. Pamiętniki z lat 1857—1865. T. 1. Wilno, 1913; Кісялёў Г. Радаводнае дрэва. Мн., 1994; ЭГБ, т. 4.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.