Index » Reference books » Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III » Том I » КІПЕЛЬ Яўхім Яўсеевіч
[крыптанімы: К-ль; Я.К-ль; 25.12.1895(7.1.1896), в. Байлюкі Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер Глускі р-н Магілёўскай вобл. — 27.7.1969, ЗША], грамадскі і паліт. дзеяч, педагог, публіцыст. З 1915 удзельнік 1-й сусветнай вайны, скончыў 2-ю Кіеўскую ваенную школу прапаршчыкаў. З 1918 у Чырвонай Арміі. З 1921 у Мінску, член Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасвеце БССР. Вучыўся ў БДУ (скончыў у 1926), у 1922—27 выкладаў бел. мову і прыродазнаўства ў школах Мінска. З 1926 сакратар аддзела прыроды і народнай гаспадаркі Інбелкульта, адначасова лектар на педкурсах у Мінску. Са студз. 1928 аспірант БДУ, у кастр. 1929 выключаны па ідэалагічных матывах. З сак. 1930 выкладчык Мінскіх педкурсаў пры педтэхнікуме. Арыштаваны ДПУ БССР 28.6.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі»; паводле пастановы Калегіі АДПУ СССР ад 10.3.1931 высланы ў Налінск Вяцкай вобл. на 5 гадоў. Паўторна арыштаваны ў Арле ў снеж. 1935; асуджаны на 5 гадоў лагераў. Вызвалены ў снеж. 1940. Пасля вызвалення настаўнічаў у Саратаве. У пачатку 1942 мабілізаваны ў Чырвоную Армію. З чэрв. 1942 у Мінску. Супрацоўнічаў з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Працаваў у Інспекцыі беларускіх школ, Беларускай народнай самапомачы. Рэдагаваў газ. «Голас вёскі». З 1944 кіраўнік навуковага аддзела БЦР. На 2-м Усебеларускім кангрэсе абраны яго старшынёй. З сярэдзіны 1944 у Германіі. Падрыхтаваў да друку кнігу ўспамінаў пра савецкія лагеры «З іхняга раю». З 1950 у ЗША, з 1951 уваходзіў у Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, стварыў Аб’яднанне беларускіх вязняў савецкіх лагераў. Публікаваўся ў бел. эмігранцкай прэсе. Успаміны К. захоўваюцца ў архіве Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНіМ) у Нью-Йорку. Рэабілітаваны 10.6.1988.
Тв.: Шляхі да паляпшэння чалавечага роду // Полымя. 1927, № 2; Як нас вучылі // Запісы БІНІМ. 1977. Т. 15; Эпізоды. Нью Ёрк, 1998.
Літ.: Ляхоўскі У. Пра Яўхіма Кіпеля // Спадчына. 1995, № 3; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 4.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.