Index » Reference books » Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III » Том I » ЖУК-ГРЫШКЕВІЧ Вінцэнт Антонавіч
[10(23).2.1903, мяст. Будслаў Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 14.2.1989, Канада], паліт. і грамадскі дзеяч, літаратуразнавец, гісторык, педагог. У 1922 скончыў Віленскую беларускую гімназію, у 1927 філасофскі ф-т Карлава ун-та (Прага). З 1927 выкладаў гісторыю, бел. мову і літаратуру ў Віленскай беларускай гімназіі, Праваслаўнай духоўнай семінарыі, Вышэйшай школе паліт. навук. Актыўна публікаваўся ў перыядычным друку. Пасля ўваходжання ў Вільню Чырвонай Арміі арыштаваны 30.9.1939; асуджаны на 8 гадоў зняволення; накіраваны ў Печлаг (Комі АССР). У 1942 вызвалены па амністыі, уступіў у Польскую армію генерала Андэрса. Удзельнічаў у бітве пад Монтэ Касіна (17.1—4.6.1944, Італія). У 1945—49 выкладаў гісторыю і псіхалогію ў вайсковых школах у Італіі, потым у Англіі. Адзін з заснавальнікаў і 1-ы старшыня Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі (1946). Рэдагаваў час. «На шляху», «Беларус на чужыне». З 1950 жыў у Таронта (Канада). Публікаваўся ў газ. «Беларускі эмігрант», «Бацькаўшчына». У 1952 у Атаўскім ун-це абараніў дысертацыю на тэму «Лірыка Янкі Купалы»; доктар філасофіі. У 1954 пераехаў у Мюнхен (ФРГ), дзе ўзначаліў бел. секцыю радыё «Вызваленне». У 1956 вярнуўся ў Канаду. Супрацоўнічаў у газ. «Бацькаўшчына», «Беларус» (ЗША). У 1970—82 старшыня Рады БНР. Аўтар кнігі «25 сакавіка» (1978). Пахаваны на бел. могілках у Іст-Брансвіку (ЗША).
Літ.: Жук-Грышкевіч Р. Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Таронта, 1993; Аляхновіч Р. Верны сын беларускага народа // Наша слова. 1993, 26 мая — 2 чэрв.; ЭГБ, т. 3.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.