Reference books of the writer, historian and scientist Leanid Marakou "Repressed public and cultural figures of Belarus"

Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Index » Reference books  » Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III  » Том I  » ГАРЭЦКІ Максім Іванавіч 

ГАРЭЦКІ Максім Іванавіч

[псеўданімы і крыптанімы: Амстиславский; Беларус; Bie³arus; М.Беларус; Дед Кузьма; Дзед Кузьма; Кузьмянкоў; Мізэрыус Монус; А.Мсьціслаўскі; Максим; Мацей Мышка; Псэўдонім; М. Б-с; Г.М.; М.Б.; М.Г.; П.Б.; 6(18).2.1893, в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1938, Вязьма Смаленскай вобл., НКВД], класік беларускай літаратуры, празаік, драматург, публіцыст, літаратуразнавец, перакладчык, лексікограф, фалькларыст. Брат Г.Гарэцкага. У 1913 скончыў Горацкае каморніцка-аграрнае вучылішча. У 1913—14 працаваў у Вільні чарцёжнікам і каморнікам. Публікавацца пачаў з 1912 (газ. «Наша ніва»); першы зборнік выйшаў у 1914 («Рунь», Вільня). У 1916 скончыў Паўлаўскае ваеннае вучылішча ў Петраградзе. Быў паранены на фронце. У 1917 служыў у Смаленскім Савеце, супрацоўнічаў з газ. «Известия Смоленского Совета». Са жн. 1918 супрацоўнік газ. «Звезда», з рэдакцыяй якой пераехаў спачатку ў Мінск, потым у Вільню. У гэты час Вільня была ўзята польскімі войскамі. Выкладаў бел. мову на настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. У снеж. 1920 — ліп. 1921 рэдактар і выдавец газ. «Наша думка», з вер. 1921 — газ. «Беларускія ведамасці». У 1922 двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі. У кастр. 1923 перабраўся ў БССР. Выкладаў мову і літаратуру на рабфаку БДУ і ў Камуністычным ун-це Беларусі; загадваў кафедрай бел. мовы, літаратуры і гісторыі Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. У 1929—30 працаваў у Тэрміналагічнай камісіі БАН. Арыштаваны ДПУ БССР 18.7.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 паводле арт. 58 п. 4, 7, 11 КК РСФСР высланы ў Вятку на 5 гадоў. Там працаваў чарцёжнікам, на іншых работах. З 1935 у пасёлку Пасочня Смаленскай вобл. (цяпер Кіраў Калужскай вобл. Расіі) выкладаў у школе рускую мову і літаратуру. Зноў арыштаваны 4.11.1937. Паводле рашэння «тройкі» НКВД расстраляны. Рэабілітаваны 15.11.1957. Творы Г. публікаваліся на балгарскай, літоўскай, латышскай, нямецкай, польскай, рускай, украінскай мовах. У в. Багацькаўка створаны яго музей. Імем Г. названа бібліятэка ў Горках, вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках; устаноўлены помнікі ў Мінску і Вязьме. У 1997 створаны Міжнародны фонд братоў Гарэцкіх.

Тв.: Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1973; Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1984—86; Творы / Пасляслоўе П.В. Васючэнкі, М.І. Мушынскага. Мн., 1990; Гісторыя беларускай літаратуры. Мн., 1992.

Літ.: Адамовіч А. // Узвышша. 1928. № 1—6; Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы / Склад. А.С. Ліс, І.У. Саламевіч. Мн., 1984; Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» Мн., 1980; Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. Мн., 1968; Ліс А. Браты Гарэцкія // Песню — у спадчыну. Мн., 1989; Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993; Першыя Гарэцкія чытанні. Горкі, 1992; Гарэцкія чытанні. Горкі, 1993, 1994, 1996; БП, т. 2; ЭГБ, т. 2.


 
 

© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.

Web-Development - "Kasper-Studio"