Index » Reference books » Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III » Том I » ВАЛОВІЧ Міхал Казіміравіч
[18.6.1806, маёнтак Парэчча Слонімскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. — 2.8.1833, Гродна], кіраўнік сялянскага паўстання на Слонімшчыне. Скончыў Віленскі ун-т. Прыняў удзел у паўстанні 1831—32, у сувязі з яго паражэннем быў вымушаны эміграваць у Францыю, дзе зблізіўся з дэмакратычнымі арганізацыямі, рухам карбанарыяў. Пад уплывам Ю.Заліўскага вырашыў прыняць удзел у яго ваеннай экспедыцыі на тэрыторыю Беларусі і Літвы, каб узняць там (у адрозненне ад папярэдняга) сялянскае паўстанне. Меркавалася, што карбанарыі Зах. Еўропы, перамогшы ў сябе, дапамогуць паўстанцам. Па рашэнні Ю.Заліўскага В. узначаліў слонімска-навагрудскую акругу. 19.3.1833 паўстанцы перайшлі расійскую мяжу і пачалі дзейнічаць на Слонімшчыне і Гродзеншчыне. У атрад В. прыйшлі сяляне з Парэчча, Вострава і Бардашоў. Каб здабыць грошы, паўстанцы напалі на пошту. Меркавалася ўзяць штурмам турму ў Слоніме з тым, каб вызваленыя вязні далучыліся да паўстанцаў. Але такія дзеянні ўстрывожылі ўлады. Гродзенскі губернатар Мураўёў даў загад акружыць атрад В. над Шчарай. В. спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але пісталет даў асечку. Паўстанцы трапілі ў палон. Усяго па Гродзеншчыне было арыштавана звыш 150 чалавек. На допыце В. сведчыў, што «хацеў выкарыстаць мяркуемае паўстанне, каб здзейсніць свой намер і вызваліць сялян» (апошнія два словы падкрэслены следчым). 11.6.1833 у Гродне пачаўся судовы працэс. Побач з В. на лаве падсудных сядзелі 10 сялян. В. быў прысуджаны да пакарання смерцю праз чацвертаванне, аднак князь Далгарукаў змякчыў прысуд. В. павесілі ў Гродне 2.8.1833. Астатнія паўстанцы былі высечаны нагайкамі і сасланы ў Сібір — на катаржныя работы, у арыштанцкія роты, на пасяленне. У ссылку адправілі таксама паўстанцаў з Воранава на чале з М.Шыманскім.
Літ.: Мальдзіс А. «...Прыгавораны да пакарання праз павешанне» // Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX стагоддзе. Мн., 1969; Sidorowicz-Czerniawska K. Sprawa emisarjusza Micha³a Wo³³owicza w r. 1833. Grodno, 1934.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.