Index » Reference books » Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III » Том I » БРЭШКА-БРАШКОЎСКАЯ Кацярына Канстанцінаўна
[дзявочае: Вярыга; 21.1(3.2).1844, Чарнігаўская губ. — 12.9.1934, Чэхаславакія], публіцыстка, мемуарыстка. Адна са стваральнікаў «Кіеўскай камуны» — групы ўдзельнікаў «хаджэння ў народ». У маёнтку Гараны Полацкага пав. (цяпер Полацкі р-н), што належаў стрыечнай сястры І.Вярыга (Філіп), арганізавала пункт збору прапагандыстаў і іх падрыхтоўкі да «хаджэння ў народ». У вер. 1874 арыштавана ў Падольскай губ. Пасля 3-гадовага зняволення ў турме на «працэсе 193-х» асуджана на 5 гадоў катаржных работ. Пакаранне адбывала ў Забайкаллі, адкуль беспаспяхова спрабавала ўцячы. У 1896 вызвалена па амністыі. У канцы 1890-х г. жыла ў Мінску. Арганізавала перапраўку з-за мяжы нелегальнай літаратуры. Разам з А.В.Бонч-Асмалоўскім удзельнічала ў стварэнні Рабочай партыі паліт. вызвалення Расіі. У 1903 эмігравала ў Швейцарыю. У 1905 вярнулася ў Расію, была адным з лідэраў правага крыла эсэраў. У рэвалюцыйным руху стала вядома як «бабуля рускай рэвалюцыі». Арыштавана ў 1907, пасля 2-гадовага зняволення саслана ў Сібір. Вызвалена Лютаўскай рэвалюцыяй 1917. Падтрымлівала Часовы ўрад. Непрыхільна сустрэла Кастрычніцкую рэвалюцыю. У 1919 эмігравала ў ЗША. У 1924 пераехала ў Чэхаславакію, дзе і памерла.
Тв.: Из моих воспоминаний. СПб., 1906; Воспоминания пропагандистки // Былое. 1903, № 4.
Літ.: Коварский Б. Е.К.Брешковская. Пг., 1917; ЭГБ, т. 2.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.