Index » Reference books » Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III » Том I » БОНЧ-АСМАЛОЎСКІ Анатоль Восіпавіч
[10.7.1857, Віцебск — 23.9.1930, Масква], грамадска-паліт. дзеяч, публіцыст, мемуарыст. Са старажытнага шляхецкага роду герба «Бонча». Пасля Маскоўскага ліцэя ў 1875 паступіў у Інстытут інжынераў шляхоў зносін. У 1876 перайшоў на юрыдычны, а затым на прыродазнаўчы ф-т Пецярбургскага ун-та. Стаў прыхільнікам арганізацыі народнікаў «Зямля і воля», распаўсюджваў сярод студэнтаў нелегальныя выданні. У 1879 увайшоў у гурток «Маладыя землявольцы», які пасля расколу ў жн. 1879 «Зямлі і волі» далучыўся да арганізацыі «Чорны перадзел». У ліст. 1879 арыштаваны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях; пазбаўлены права вучыцца ў ВНУ і высланы ў бацькоўскі маёнтак Блонь Ігуменскага пав. (цяпер Пухавіцкі р-н). У 1880 садзейнічаў арганізацыі друкарні «Чорнага перадзелу». Арыштаваны ў крас. 1882, зняволены ў Мінскай турме на працягу 5 месяцаў. Разам з жонкай Варварай і пры ўдзеле А.Я.Багдановіча арганізаваў у Блоні сялянскі гурток самаадукацыі. Арыштаваны ў крас. 1886 у Канатопе Чарнігаўскай губ., дзе быў па справах нелегальнай друкарні. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Рабочай партыі паліт. вызвалення Расіі (канец 1890-х г.). Арыштаваны ў 1901 разам з сынам Іванам і сасланы ва Усх. Сібір. У 1904 вярнуўся па амністыі і ўвайшоў у партыю эсэраў, у 1905 кааптаваны ў ЦК. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У крас. 1908 арыштаваны, у лют. 1910 аддадзены пад суд. У 1911 апраўданы, але ў 1912 зноў арыштаваны і прыгавораны да 8 месяцаў зняволення. У час 1-й сусветнай вайны ў эвакуацыі, працаваў у арганізацыях дапамогі бежанцам-беларусам. Дэлегат 1-га Усебеларускага з’езда (1917). З 1918 у Мінску, удзельнічаў у кааператыўным руху. У час акупацыі Беларусі польскімі войскамі на нелегальным становішчы. З 1926 у Маскве, член Усесаюзнага таварыства паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў. Пісаў успаміны.
Тв.: Эпоха 1905 г. // Полымя. 1925, № 6—7; Ліберальна-апазіцыйны рух на Беларусі // Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху. Мн., 1924. С. 169—176; Памяти В.И. Бонч-Осмоловской // Каторга и ссылка. 1930, № 2.
Літ.: Попов И. А.О.Бонч-Осмоловский // Каторга и ссылка. 1931, № 4; Савіцкая Л. Група Бонч-Асмалоўскага // Полымя. 1967, № 5; Клейн Б. Дело Бонч-Осмоловских // Клейн Б. В годину испытаний: Ист.-лит. очерки. Мн., 1986; ЭГБ, т. 2; АЗБ.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.