Index » Reference books » Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III » Том I » БАЛІЦКІ Антон Васілевіч
[4(16).9.1891, в. Балічы Гродзенскага пав., цяпер Гродзенскі р-н — 31.10.1937, Мінск], дзяржаўны дзеяч, публіцыст. У 1910 скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю. Працаваў настаўнікам. У 1916 скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут. З 1916 у арміі, ваяваў на Румынскім фронце. У 1917—20 браў удзел у бел. грамадска-паліт. жыцці — гуртаваў беларусаў-вайскоўцаў, арганізоўваў бел. школы ў Адэсе. З 1921 у Мінску, з кастр. 1921 намеснік наркама, у 1926—29 наркам асветы БССР. Адзін з праваднікоў палітыкі беларусізацыі. Аўтар артыкулаў па пытаннях нацыянальнай і культурнай палітыкі. Правадзейны член Інбелкульта, старшыня секцыі бел. мовы і літаратуры. У 1929—30 член ЦВК БССР. Арыштаваны ДПУ БССР 3.9.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУ ад 18.3.1931 атрымаў 10 гадоў лагераў. Пры паўторным разглядзе справы 30.10.1937 Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да смяротнага пакарання. Расстраляны ў Мінску. Па першым прысудзе рэабілітаваны 14.6.1988, па другім — 25.3.1958.
Тв.: Інстытут беларускай культуры // Асвета. 1924, № 3; Беларусізацыя культурна-асветных устаноў // Полымя. 1925, № 4.
Лiт.: Васілеўская Н.У. Абвінавачваецца ў нацыянал-дэмакратызме (пра наркома асветы Беларусі А. В. Баліцкага). Мн., 1995; [Біяграфія Баліцкага] // Вестник Народного Комиссариата просвещения ССРБ. 1922, № 4. С. 21—22; Цыхун А. Памяць жыве // ЛіМ. 1988, 30 снеж.; Возвращенные имена, с. 20—21; ЭГБ, т. 1.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.