Index » Reference books » Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III » Том I » АСТРОЎСКІ Радаслаў Казіміравіч
[псеўданімы: Эра; Kalush V.; 25.10.(6.11).1887, фальварак Заполле Слуцкага пав. Мінскай губ. — 17.10.1976, ЗША], грамадска-паліт. дзеяч, публіцыст. За ўдзел у рэвалюцыі 1905—07 выключаны са Слуцкай гімназіі. У 1908 паступіў на матэматычны ф-т Пецярбургскага ун-та. Як удзельнік рэвалюцыйных хваляванняў ў лют. 1911 арыштаваны. Быў зняволены ў турмах Пецярбурга і Пскова. Пасля вызвалення жыў у бацькоў на Пружаншчыне пад наглядам паліцыі. Аднавіўся ва ун-це ў сак. 1912, у студз. 1913 перавёўся ў Юр’еўскі (Тартускі) ун-т і скончыў там фізіка-матэматычны ф-т. Працаваў настаўнікам у Чанстахове (Польшча) і Мінску; у 1915—17 выкладаў у Мінскім настаўніцкім інстытуце. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 — камісар Часовага ўрада па Слуцкім павеце; арганізатар і дырэктар Слуцкай беларускай гімназіі (вер. 1917). Выступаў супраць Кастрычніцкай рэвалюцыі. Дэлегат 1-га Усебеларускага з’езда (Мінск, снеж. 1917). Выступаў у прэсе за ідэю незалежнасці Беларусі. Удзельнік Слуцкага паўстання 1920. З 1921 у Зах. Беларусі. Дырэктар Віленскай беларускай гімназіі (1924—36). У другой палове 1920-х г. рэзка змяніў свой паліт. курс. У лют. 1924 стаў ініцыятарам стварэння праўрадавага прапагандысцкага Польска-Беларускага Таварыства. Пасля яго распаду ў 1924 супрацоўнічаў з КП(б)Б і КПЗБ, курыраваў падпольны камсамол у сваёй гімназіі. У 1925—26 віцэ-старшыня ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады, старшыня Таварыства беларускай школы, Беларускага дабрачыннага таварыства, дырэктар Беларускага кааператыўнага банка ў Вільні, праз які праходзілі сродкі ДПУ на фінансаванне Грамады. У 1926 уступіў у КПЗБ. У студз. 1926 арыштаваны польскімі ўладамі. На судовым працэсе супраць Грамады апраўданы. З 1928 прапагандаваў ідэі супрацоўніцтва з польскай санацыяй. Настроіў супраць сябе многіх дзеячаў заходнебел. нацыянальнага руху, якія ў маі 1934 — снеж. 1935 правялі над ім грамадскі суд. Пад псеўданімам «Эра» друкаваўся ў бел. кнігах–календарах, газ. «Родны край» (1933—36). У 1936 вымушаны пакінуць Вільню і пераехаць у Лодзь. З пачаткам вайны актыўна супрацоўнічаў з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Увосень 1941 прыехаў у Мінск, працаваў у цывільнай адміністрацыі; пасля быў бургамістрам у Смаленску, Бранску, Магілёве. Са снеж. 1943 прэзідэнт Беларускай Цэнтральнай Рады; адзін з галоўных арганізатараў у чэрв. 1944 2-га Усебеларускага кангрэса. Пасля вайны жыў у Зах. Германіі, з 1956 у ЗША. Кіраўнік і ідэолаг «бэцээраўскай» плыні бел. эміграцыі.
Тв.: Космографія. Вільня, 1924; Арытмэтычны задачнік для 4, 5, 6 аддзелаў пачатковых школ. Ч. 2. Вільня, 1929. Беларускі правапіс. Выд. 2-е. Вільня, 1930; Лічба і лік. Увагі да тэорыі ліку і беспасрэдных лічбовых уяўленняў // Гадавік БНТ у Вільні. 1933. Кн. 1.; Kalush V. [Астроўскі Р.]. In the service of the peopl for a free Byelorussia: biographical notes on Professor Radaslau Ostrowski. London, 1964.
Літ.: Соловьев А.К. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. Мн., 1995. BS; ЭГБ, т. 1.
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.