Reference books of the writer, historian and scientist Leanid Marakou "Repressed public and cultural figures of Belarus"

Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Index » Reference books  » Repressed literary men, scientists, educators, public and cultural figures of Belarus, 1794-1991. Volume I-III  » Том I  » АЗБУКІН Мікалай 

АЗБУКІН Мікалай

[1894, Бабруйск — 24.11.1943, ?], географ, краязнавец, публіцыст, дзеяч бел. нацыянальнага руху. Паходзіў з сям’і патомных дваранаў. У 1912—17 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Пасля сканчэння вучобы выкладаў геаграфію і прыродазнаўства ў Бабруйскай гімназіі. Далучыўся да бел. нацыянальнага руху, член камітэта Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Бабруйску. Падчас польскай акупацыі ў 1919 арыштаваны. Восенню 1920 стаў дырэктарам бабруйскай школы імя Я.Купалы. Увесну 1921 зноў арыштаваны ўжо савецкімі ўладамі па падазрэнні ў прыналежнасці да партыі бел. эсэраў. З 1921 працаваў у Мінску: у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР, у Інстытуце беларускай культуры, з 1929 на кафедры геаграфіі БелАН. У кнізе «Географія Эўропы» трактаваў Беларусь як самадастатковую краіну. Адзін з галоўных арганізатараў краязнаўчага руху ў Беларусі, сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства, першы рэдактар часопіса «Наш край». У пачатку 1928 у БССР існавала ўжо 301 краязнаўчая арганізацыя, якія аб’ядноўвалі 10510 чалавек. Імклівае пашырэнне краязнаўчага руху, глыбока патрыятычнага па сутнасці, выклікала занепакоенасць камуністычных уладаў, і на краязнаўцаў абрынуліся рэпрэсіі. А. быў арыштаваны 21.7.1930 па абвінавачанні ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі» і па пастанове Калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 высланы ў Налінск на 5 гадоў. Ёсць звесткі, што зноў быў асуджаны ў 1937 (?). Загінуў у 1943 у зняволенні. Паводле сведчання Ю.Бібілы, расстраляны нібыта за спробу перайсці мяжу на поўдні СССР. Рэабілітаваны 15.11.1957 Вярхоўным судом БССР.

Тв.: Географія Эўропы. М.; Л., 1924 (у сааўтарстве з А.Смолічам); Географія па-заэўрапейскіх краёў. Мн., 1925 (у сааўт.); Школьная карта Беларусі. Мн., 1925 (разам з А.Смолічам); Нашы мястэчкі (Матэрыялы да геаграфічнага слоўніка) // Наш край. 1925, № 2—3; Мястэчка Шацак // Тамсама. 1927, № 1.

Літ.: ЭГБ, т. 1; Возвращенные имена.


 
 

© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.

Web-Development - "Kasper-Studio"