Index » Даведнiкi » Ахвяры i карнiкi. » Ахвяры. 29-30.10.1937 г. » ЮДЭЛЬСОН Арон Ісакавіч
[17.7.1907, Рыга — 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], паэт, публіцыст. Паходзіў з настаўніцкай сям’і. Пачаў публікавацца ў 1923 у нелегальным друку Латвіі. Да 1928 жыў у Латгаліі, потым пераехаў у Беларусь. З 1929 выступаў у яўрэйскім друку Беларусі. У 1930 паступіў у МПІ. Найбольшы лірызм і мастацкую чуйнасць выявіў у ранні латгальскі перыяд творчасці, калі натуральныя пачуцці яшчэ не былі дэфармаваны класавай ідэалогіяй. Працаваў у рэдакцыі яўрэйскай газ. «Октобэр», на радыё. Да 1935 часта публікаваўся ў час. «Штэрн». Член СП Беларусі з 1934. У 1935 быў сакратаром яўрэйскай секцыі СП. Арыштаваны 11.9.1937 у Мінску па адрасе: вул. Савецкая, д. 98, кв. 2. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «член трацкісцкай арганізацыі, які рыхтаваў тэрарыстычны акт» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 9.4.1957. Асабовая справа Ю. № 10266-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
5.11.1937 (?) у Мінску па адрасе: вул. Савецкая, д. 98, кв. 2 арыштавана інспектар Дзяржаўнага банка, маці дваіх дзяцей Шур Бася Саламонаўна (н. ў 1902 у пас. Урэчча Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер Любанскі р-н Мінскай вобл., у сям’і службоўца; атрымала вышэйшую адукацыю), жонка Арона Юдэльсона. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 28.11.1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 10.6.1957. Асабовая справа Ч. № 10394-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Тв.: Камбінат: Паэма. М.; Харкаў; Мн., 1931. Ідыш; Межы: Проза і вершы. Мн., 1934. Ідыш; У нашай сталіцы: (Нарысы). Мн., 1934. Ідыш; Чырванасцяжны калгас «Колас» / Сааўт. Х. Шынклер. Мн., 1934. Ідыш; Прывітанне: Вершы. Мн., 1961.
Кр.: Базарэвіч М. Прывітанне светламу дню // ЛіМ. 1961. 29 жн.; Хведаровіч М. Ён быў у нашым страі // ЛіМ. 1967. 18 ліп.; БП. Т. 6; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя...
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.