Index » Даведнiкi  » Ахвяры i карнiкi.  » Ахвяры. 29-30.10.1937 г.  » ЧАРНУШЭВІЧ Аляксандр Анікеевіч 

ЧАРНУШЭВІЧ Аляксандр Анікеевіч

[1899, мяст. Капыль Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер райцэнтр Мінскай вобл. — 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], парт. і дзяржаўны дзеяч. З бел. сялянскай сям’і. Удзельнік партызан­скага руху ў Беларусі ў грамадзянскую вайну, потым барацьбы з бандытызмам. З 1922 на парт. рабоце: сакратар Грэскага райкама КП(б)Б, загадчык аддзелаў Бабруйскага і Віцебскага акруговых камітэтаў партыі, культуры і прапаганды ЦК КП(б)Б. З кастр. 1932 — сакратар Мінскага гаркама КП(б)Б. У сак. 1933 — лют. 1936 наркам асветы БССР, потым загадчык аддзела забеспячэння Бел. геалагічнай разведкі. Член ЦК КП(б)Б (1929–36), член Бюро ЦК КП(б)Б
(1931–34). Арыштаваны 19.6.1937 у Мінску па адрасе: вул. Камсамоль­ская, д. 31/33, кв. 30. Асуджаны тройкай НКВД 28.10.1937 як «член нацыянал-фашысцкай шкодніцкай арганізацыі» да ВМП. Расстраляны. Рэабілітаваны 15.12.1956. Асабовая справа Ч. № 9842-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

4.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Энгельса, д. 64, кв. 2 арыштавана студэнтка 5 курса БДУ Чарнушэвіч Марыя Лукінічна (н. ў снеж. 1902 у в. Грыбаўшчына Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер Нясвіжскі р-н Мінскай вобл.), жонка Аляксандра Чарнушэвіча. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 5.11.1945. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 26.6.1956 трыбуналам БВА. Асабовая справа Ч. № 6689-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Кр.: ЭГБ. Т. 6/2; Жертвы политического террора…; Рэпрэсаваныя...


 
 

© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.

Web-Development - "Kasper-Studio"