Index » Даведнiкi  » Ахвяры i карнiкi.  » Ахвяры. 29-30.10.1937 г.  » СТРЭЛЕ Георгій Уладзіміравіч 

СТРЭЛЕ Георгій Уладзіміравіч

[1900, в. Кашэдары Трокскага пав. Віленскай губ., цяпер Літва — 29 ці 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], дзяржаўны дзеяч Беларусі. З бел. рабочай сям’і. Атрымаў вышэйшую адукацыю. Працаваў у Бабруйску (да 1924), Клімавічах (да 1926), Мазыры, Оршы (старшыня акруговага выканаўчага камі­тэта). З 1929 у Мінску ва Упраўленні народнагаспадарчага ўліку, потым у Калгасцэнтры. З 1933 начальнік Упраўлення жывёлагадоўлі (конегадоўлі і ветэрынарыі) Наркамата земляробства, нам. наркама. З 1936 дырэктар конесаўгаса № 120 у Мсціславе Магілёўскай вобл. Быў жанаты, меў дзіця. Арыштаваны 29.4.1937. Абвінавачваўся як «актыўны ўдзельнік нацдэмаўскай контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі». Падчас следства жорстка катаваны. Асуджаны асобай нарадай пры НКВД 29 ці 30.10.1937 да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 22.3.1958. Асабовая справа С. № 3647 захоў­ваецца ў архіве УКДБ Магілёўскай вобл.

22.1.1938 арыштавана хатняя гаспадыня Стрэле Ганна Пятроў­на (н. ў 1903 у в. Адаменкі Аршанскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Лёзненскі р-н Віцебскай вобл., у бел. сялянскай сям’і), верагод­на, жонка Георгія Стрэле. 16.5.1938 асуджана асобай нарадай пры НКВД як «член сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана Вярхоўным судом БССР 3.3.1958.

Кр.: НАРБ, ІКБР; БНДЦЭД.


 
 

© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.

Web-Development - "Kasper-Studio"