Index » Даведнiкi » Ахвяры i карнiкi. » Ахвяры. 29-30.10.1937 г. » РЫДЗЕЎСКІ Міхаіл Антонавіч
[30.10.1885, Рэчыца Мінскай губ., цяпер Гомельская вобл. — 29.10.1937, Мінск, турма НКВД], педагог, верагодна, сваяк Сцяпана Некрашэвіча. З сялянскай сям’і. Атрымаў вышэйшую адукацыю. У канцы 1920-х — пачатку 1930-х г. дырэктар МБПТ. Падчас арышту — загадчык вучэбнай часткі МПІ. Арыштаваны 27.11.1936 у Мінску па адрасе: вул. Валадарскага, д. 30, кв. 11 (27.10.1933 у гэтай жа кватэры быў арыштаваны і дацэнт Мінскага медыцынскага інстытута Хаім Манасзон). Асуджаны тройкай НКВД 28.10.1937 як «член антысавецкай тэрарыстычна-шпіёнскай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 11.5.1957. Асабовая справа Р. № 10284-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
20.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Нова-Мясніцкая, д. 26, кв. 61 арыштавана хатняя гаспадыня Рыдзеўская Алена Рыгораўна (н. 20.5.1889 у в. Масееўка Магілёўскай губ., цяпер Светлагорскі
р-н Гомельскай вобл.), жонка Міхаіла Рыдзеўскага. 28.11.1937 (?) асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і ворага народа» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Акмолінскае аддзяленне Карагандзінскага канцлагера НКВД Казахскай ССР. Пасля вызвалення (1945) вярнулася на радзіму. Жыла разам з дачкой Аленай у Мінску ў кватэры зяця — П. Броўкі, але прапісана была на раёне. Рэабілітавана 3.7.1956 трыбуналам БВА. Асабовая справа Р. № 6659-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
20.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. Нова-Мясніцкая, д. 26, кв. 61 разам з маці арыштаваны студэнт МБПТ (?) Рыдзеўскі Алег Міхайлавіч (н. ў 1919 (?) у в. Сарочынцы, цяпер Харкаўская вобл., Украіна), верагодна, сын Міхаіла Рыдзеўскага. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД асуджаны за «антысавецкую дзейнасць» да 5 гадоў ППК і этапаваны ў Акмолінскае аддзяленне Карагандзінскага канцлагера НКВД Казахскай ССР. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 4.9.1956 тpыбуналам БВА. Асабовая справа Р. № 6904-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Сын Міхаіла Рыдзеўскага Ігар (н. ў 1916) падчас 2-й сусветнай вайны заставаўся на акупаванай тэрыторыі. Працаваў у Мінскім гарадскім тэатры. З 1943 сувязны партызанскай групы Казанцава. У другой палове 1940-х г. рэпрэсаваны. Пасля вызвалення (1956?) вярнуўся на радзіму. Працаваў у Дзяржаўным тэатры оперы і балета БССР, потым — дырэктар вучэбнага тэатра Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, здымаўся ў тэлефільме «Справа Ігнатоўскага» (1991). У 1990-я г. — супрацоўнік літаратурнага музея П. Броўкі. Аўтар успамінаў.
Дачка Міхаіла Рыдзеўскага Алена (н. 15.4.1911 у в. Ісакавічы, цяпер Лоеўскі р-н Гомельскай вобл.) у 1930-я г. выйшла замуж за паэта Петруся Броўку. Працавала ў Інстытуце мовазнаўства, потым — дырэктарам музея П. Броўкі. Памерла 15.8.1982.
Кр.: Рэпрэсаваныя...
|
|
© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.