Index » Даведнiкi  » Ахвяры i карнiкi.  » Ахвяры. 29-30.10.1937 г.  » НЁМАНСКІ Янка 

НЁМАНСКІ Янка

[сапр.: Пятровіч Іван Андрэевіч; 31.3(12.4).1890, мяст. Шчорсы Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер в. Навагрудскага р-на Гро­дзенскай вобл. — 29 або 30.10.1937, Мінск, турма НКВД], празаік, публіцыст, эканаміст, грамадскі дзеяч. У 1909 скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю; у 1915–16, 1918 вучыўся на гісторыка-філалагічным ф-це Петра­градскага ун-та. У 1916 мабілізаваны ў армію, накіраваны ў школу прапаршчыкаў. У 1918 — загадчык выдавецкага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята. У 1918–19 разам з Ц. Гартным выдаваў газ. «Дзянніца». Там з 1918 пачаў друкаваць публіцыстычныя творы. У 1919–21 — у Чырвонай арміі. З 1922 у Мінску; працаваў у планава-эканамічных органах. Нам. старшыні Дзяржплана БССР. Член Інбелкульта. Акадэмік БелАН з 1928. У 1929–31 сакратар АН БССР. З 1931 загадчык аддзела эканомікі НДІ прамысловасці. У 1933–36 узначальваў кафедру фінансавых дысцыплін у Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі. З першым апавяданнем «Над Кроманню» выступіў у 1922 (час. «Полымя»). У 1927–32 член праўлення літаратурнага аб’яднання «Полымя». На працягу 1928–30 пісаў раман «Драпежнікі», які застаўся няскончаным (рукапіс 2-й часткі быў спалены энкавэдыстамі пасля арышту). Арыштаваны 27.4.1937 у Мінску па адрасе: вул. Горкага, д. 21/52, кв. 25.

З асабовай справы Янкі Нёманскага (№ 10052-с; захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі):

Протокол обыска

Изъято:

4 тетради (рукапісаў, сярод якіх, магчыма, была другая частка рамана «Драпежнікі». — Л. М.), разная переписка, блокнотов 11 штук, 10 книг под ред. Петровича, книга «Война с белополяками», журн. «Полымя» — 25 штук, «Красная новь» — 2 шт., 2 книги под редакцией Некрашевича, 1 книга под ред. Дунца, 1 книга под ред. Гартного и разн. книги — 7 шт., вся переписка и документы…

Постановление

1937 г. мая, 10 дня. Я, инспектор при наркоме Внутренних дел БССР, лейт. Гос. Без. Кац М. И., рассмотрев следственное дело № 9751, нашел:

Материалами следствия в достаточной степени установлено, что Петрович И. А. состоял членом национал-фашист­ской организации в БССР и проводил организационную, вредитель­скую и разрушительную к-р деятельность.

На основании ст. 128 УПК БССР

Постановил:

Петровича Ивана Андреевича привлечь по настоящему делу в качестве обвиняемого, предъявив ему обвинение по ст. 68, 69, 70, 72, 76 УК БССР.

Инспектор при наркоме лейт. Кац.

Асуджаны тройкай НКВД 29.10.1937 у 10.00 як «член нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да ВМП з кан­фіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 16.3.1957.

4.11.1937 у Мінску па адрасе: вул. 11 ліпеня, д. 18/7, кв. 2 арыштавана старшы эканаміст Наркамата лясной гаспадаркі БССР, маці траіх дзяцей Пятровіч Глафіра Дзмітрыеўна (н. 26.4.1892 у г. Нараўчат Пензенскай губ., цяпер райцэнтр Пензенскай вобл., Расія; атрымала вышэйшую адукацыю), жонка Янкі Нёманскага. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і расстралянага ворага народа» і «саўдзельніца ягоных контррэвалюцыйных злачынстваў» да 8 гадоў ППК. 24.1.1938 прыбыла з Оршы ў Акмолінскае аддзяленне Карагандзінскага канцлагера НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 25.11.1945. Пасля вызвалення жыла ў Віцебску ў дачкі Лідзіі. Неаднаразова звярталася ў АН БССР і КДБ з прашэннем прызначыць ёй пенсію за беспадстаўна рэпрэсаванага мужа, але адказу не дачакалася. Рэабілітавана трыбуналам БВА 6.3.1956. Асабовая справа П. № 6643-с знаходзіцца ў архіве КДБ Беларусі.

15.11.1937 у Мінску арыштаваны навучэнец Мінскага дарожна-механічнага тэхнікума Пятровіч Андрэй Іванавіч (н. 10.7.1922 у Ноўгарадзе, Расія), сын Янкі Нёманскага і Глафіры Пятровіч. 28.11.1937 «тройкай» НКВД асуджаны як «член сям’і ворага народа» да 5 гадоў ППК. Этапаваны ў Паўночна-Уральскі канцлагер НКВД Свярдлоўскай вобл. Загінуў у зняволенні ў 15 гадоў. Рэабілі­таваны 9.5.1956 трыбуналам БВА. Асабовая справа П. № 6594-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Тв.: На зломе: Апавяданні. Мн., 1925; Творы. Мн., 1984.

Кр.: Строева Т. Адзін з пачынальнікаў // ЛіМ. 1980. 4 крас.; Хомчанка В. Абавязак памяці // ЛіМ. 1985. 15 ліст.; Савік Л. Янка Нёманскі // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст. Мн., 1999. Т. 2; Платонаў Р. Лёсы. Мн., 1998; БП. Т. 4; ЭГБ. Т. 5; З асабістага ар­хіва Л. С. Савік; Хранить вечно; Рэпрэсаваныя...


 
 

© Leanid Marakou, 1997-2011.
Use of the site's materials for publication without permission of the author's heirs is prohibited.

Web-Development - "Kasper-Studio"