Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967. » Том II » ШЭЛЕГ (ШЕЛЕГ) Антоній Мікалаевіч
[1872, в. Русаковічы Ігуменскага пав. Мінскай губ., япер Пухавіцкі р-н Мінскай вобл. — ?], свяшчэннаслужыцель. Беларус. З духоўнага саслоўя. Скончыў настаўніцкую семінарыю. Падчас першага арышту працаваў цесляром. Арыштаваны 10.2.1931. Абвінавачваўся ў «правядзенні антысавецкай дзейнасці». Асуджаны не быў. Вызвалены 11.3.1931. Служыў у царкве ў роднай вёсцы. Быў жанаты, меў траіх сыноў і дзвюх дачок. Арыштаваны 25.9.1933. Асуджаны калегіяй АДПУ 25.2.1934 як «удзельнік контррэвалюцыйнай царкоўна-паўстанцкай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да 5 гадоў ППК. Далейшы лёс невядомы. Па першай справе (№ 26667-с; захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі) рэабілітаваны пракуратурай БССР 20.7.1989, па другой (захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.) пракуратурай Віцебскай вобл. 11.10.1989.
4.4.1938 у в. Русаковічы арыштаваны бацька чацвярых дзяцей Шэлег Антон Антонавіч (н. ў сак. 1905, атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю), верагодна, сын Антона Шэлега. Асуджаны 14.5.1940 асобай нарадай НКВД як «член антысавецкай арганізацыі» да 5 гадоў ППК. Этапаваны ў Паўночна-Усходні канцлагер НКВД Амуpскай вобл. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 8.9.1964 Вярхоўным судом БССР. Асабовая справа Ш. № 19027-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: НАРБ, ІКБР; БНДЦЭД.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.