Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.

Том I
Том II
Том II. Дадатак
Скароты

Імянны паказальнік (.doc, 462 Kб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.  » Том II  » ЦАРАНКОЎ (ЦАРЕНКОВ) Антон Іванавіч 

ЦАРАНКОЎ (ЦАРЕНКОВ) Антон Іванавіч

[5.2.1887, в. Вусце Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Чэрыкаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 24.11.1971, Мінск], протадыякан, спявак (бас-актава). Беларус. З сялянскай сям’і. У 1897 паступіў у Народнае вучылішча ў Магілёве (дзякуючы клопатам архіепіскапа Магілёўскага Мітрафана (Краснапольскага). Пачаў спяваць у хоры Магілёўскай Брацкай царквы. Пасля сканчэння вучобы (1900) працаваў бібліятэкарам. У час знаходжання імператара Мікалая II у Магілёве атрымаў ад яго Чырвоную стужку — узнагароду Свяшчэннага Сінода. Па запрашэнні ўладыкі Мітрафана пераехаў у Мінск, служыў протадыяканам у Мінскім праваслаўным кафедральным саборы, спяваў у хоры пад кіраўніцтвам вядомага дырыжора С.Кнігі. Пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 Ц. пазбаўлены грамадзянскіх правоў, а яго сын выключаны з гімназіі. Падчас прыезду ў Мінск Дз.Меражкоўскага і яго жонкі З.Гіпіус з мэтай нелегальна перайсці савецка-польскую мяжу прытуліў іх у сваёй кватэры. У сярэдзіне 1920-х г. служыў у Пакроўскай царкве в. Семежава, цяпер Капыльскі р-н Мінскай вобл. Першы раз арыштаваны 27.3.1927. Асуджаны 17.6.1927 са святарамі Мінскай епархіі М.Лукашэвічам, дыяканам А.Крыкуновым і інш. асобай нарадай пры АДПУ за «антысавецкую агітацыю» дa 3 гадоў ППК. Этапаваны ў Салавецкі канцлагер АДПУ Архангельскай вобл. На этапе і ў канцлагеры некаторы час знаходзіўся з біскупам Мікульскім, ксяндзом С.Віткоўскім, галоўным святаром нямецкай кірхі ў Мінску В.Кранцам, рабінам галоўнай сінагогі ў Мінску З.Зільберглейтам, мулам татарскай мячэці У.Мазалевічам, акадэмікам С.Некрашэвічам. Пасля сканчэння тэрміну (23.3.1930) у сувязі з забаронай НКВД выязджаць за межы Архангельскай вобл. жыў у Кемі. Неўзабаве да Ц. прыехала жонка. Паступова пасяленцы стварылі невялікі прыход, дзе па сведчанні ўнука Яўгена* служыў Ц. Неўзабаве царкву закрылі, а яго з жонкай адправілі ў канцлагер. Вызвалены ў сак. 1933 па амністыі для будаўнікоў Беламорска-Балтыйскага канала. Вытрымаў экзамен прыёмнай камісіі Вялікага тэатра, у складзе якой былі В.Давыдава, І.Казлоўскі, С.Лемешаў, Л.Собінаў, А.Сцяпанаў, браты Піраговы і залічаны ў  яго штат. Удзельнічаў у гастролях тэатра па Эстоніі і Украіне, але пасля выкліку ў АДПУ вырашыў пакінуць Вялікі тэатр і пераехаць у Кіеў (1934). Працаваў салістам хора Кіеўскага радыё. Атрымаў запрашэнне ад Мінскага тэатра оперы і балета і пераехаў у Мінск (1935). У час 2-й сусветнай вайны заставаўся на акупаванай тэрыторыі, працаваў у Камісарыяце па харчаванні (пад кіраўніцтвам пазней вядомага польскага камуніста, як потым высветліцца, буйнога рэзідэнта савецкай разведкі Б.Берута). Дапамог стаць на харчовае забеспячэнне акадэміку М.Нікольскаму, прафесарам Маславу, В.Тэміну, кампазітару А.Туранкову, артыстам Мінскага опернага тэатра Саладуху, Лабко і інш. Зноў арыштаваны 20.7.1944 падчас адной з рэпетыцый у памяшканні тэатра Я.Купалы. Асуджаны 19.4.1945 трыбуналам войск НКВД Мінскай вобл. за «дапамогу нямецкім акупантам і антысавецкую агітацыю» да 10  гадоў ППК і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Этапаваны ў адзін з канцлагераў ГУЛАГа. Некаторы час у зняволенні знаходзіўся з кампазітарам А.Туранковым. Вызвалены 14.7.1954. Прыехаў у Брэст да сына, загадчыка кафедры Брэсцкага педагагічнага інстытута. Са жн. 1954 артыст Дзяржаўнай харавой капэлы БССР. Пасля смерці жонкі выйшаў на пенсію, але ад удзелу ў канцэртах не адмаўляўся амаль да самай смерці. Па першай справе (№ 28843-с; захоўваецца з фотаздымкам у архіве КДБ Беларусі) рэабілітаваны 28.12.1989 пракуратурай Мінскай вобл., па другой (№ 11904-с) — 29.6.1963 Вярхоўным судом БССР.

Кр.: НГАБ, ф. 2786, в. 1, с. 67; Царанкоў Я. Загублены талент. Мн., 1998.


* Царанкоў Яўген Леанідавіч [6.2.1936 — 7.11.2003, Мінск], інжынер-канструктар. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Шмат гадоў працаваў на радыёзаводзе ў Мінску. Даследаваў лёс свайго дзеда, інш. рэпрэсаваных. Творчая спадчына Ц. яшчэ чакае свайго часу. Пахаваны на Паўночных могілках.

 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".