Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967. » Том II » ФЕАФАН (СЕМЯНЯКА)
[Мікалай Адамавіч; 6(18).1.1879, мяст. Дзятлава Слонімскага пав. Гродзенскай губ., цяпер райцэнтр Гродзенскай вобл. — 10.11.1937, Дальлаг, Хабараўск], архіепіскап, публіцыст, паэт. Рускі. З сям’і настаўніка. Скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, Літоўскую (Віленскую) духоўную семінарыю, рукапаложаны ў іерэя (14.11.1905). Служыў у храмах Гродзенскай губ. Адначасова (са жн. 1911 (?) і, верагодна, па запрашэнні святара Яраслава Савіцкага) выкладаў Закон Божы ў сіроцкім прытулку Гродзенскага Чырвонастоцкага Раства-Багародзіцкага жаночага манастыра Сакольскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Ró¿anystok, тэрыторыя Польшчы. Займаўся гісторыяй краю, манастыра, пісаў вершы, якія друкаваў у час. «Русский паломник». У пачатку 1-й сусветнай вайны з жонкай, сынам і дачкой — у бежанстве ў Ціфлісе (цяпер Тбілісі, Грузія). З 1916 служыў у царкве на Брацкіх могілках Севастопаля (цяпер Украіна), потым у Міннай школе. У 1921 пераехаў з сям’ёй у Маскву. Служыў у храме свяціцеля Аляксія ў Глінішчаўскім зав., у царкве Екацярынінскай бальніцы ля Пятроўскіх варот, у Барыса-Глебскай царкве на вул. Вароўскага. Арыштаваны 30.11.1925 супрацоўнікам АДПУ Чацкім і інш. па ордэры, падпісаным Ягодай. Праходзіў па адной справе з мітрапалітам Пятром (Палянскім). 21.5.1926 асуджаны за «контррэвалюцыйную дзейнасць» да 2 гадоў пазбаўлення волі і высланы ва Усць-Сысольск (Удмурцкая АССР). Падчас зняволення аўдавеў. Пасля вызвалення жыў у Маскве, служыў настаяцелем Барыса-Глебскай царквы. 13.12.1930 па благаславенні мітрапаліта Сергія (Страгародскага) хіратанісаны ў Пакроўскім саборы ў епіскапа Мінскага і ў лют. 1931 выехаў у Мінск. Богаслужэнні адпраўляў у Мікалаеўскай царкве ў пас. Козырава (прыгарад Мінска, цяпер у межах горада). 9.7.1934 узведзены ў сан архіепіскапа. Па ўспамінах протаіерэя Барыса Васільева Ф. заваяваў сярод людзей вялікую папулярнасць і павагу. Арыштаваны 9.4.1935. Абвінавачваўся НКВД як «адзін з кіраўнікоў антысавецкай арганізацыі ў пас. Козырава» . Асуджаны асобай нарадай пры НКВД 10.8.1935 з інш. святарамі, старастам і актыўнымі прыхаджанамі Козыраўскай царквы за «контррэвалюцыйную дзейнасць» да 8 гадоў ППК. Этапаваны ў Далёкаўсходні канцлагер НКВД Хабараўскага краю. У зняволенні прыгавораны да ВМП. Расстраляны. Па першай справе пытанне аб рэабілітацыі разглядаецца Генеральнай пракуратурай РФ, па другой (№ 31424-с; захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі) рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР 4.4.1990, па трэцяй — пракуратурай Хабараўскага краю 16.1.1989.
Кр.: НАРБ, ІКБР; БНДЦЭД; Правящие архиереи Минской епархии; Черепица В.Н. Очерки истории Православной Церкви на Гродненщине (с древнейших времен до наших дней). Ч. 2. Гродно, 2005. С. 146—150.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.