Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967. » Том II » СЕМЯНКОЎ (СЕМЕНКОВ) Васілій Юліянавіч
[1.3.1892, Магілёў — 20.10.1975, Полацк], протаіерэй. Беларус. З сям’і рабочага. Пасля смерці бацькі (1899) маці С. засталася з Васілём, яго братам Іванам (н. ў 1886) і сястрой Ганнай (1889). У 1900 прыняты ў Магілёўскі Богаяўленскі Брацкі манастыр. Скончыў манастырскую школу, духоўнае вучылішча пры Магілёўскай духоўнай семінарыі (1911), 2 курсы народнай кансерваторыі (настаўнік — прафесар Рубцоў), місіянерскія курсы (1912). Прыняты салістам у славутую капэлу Ю.Славянскага-Агрэнева. Калі капэла знаходзілася ў Омску (1913), епіскап Омскі і Паўладарскі Андранік (Нікольскі) прапанаваў С. застацца ў Омскай епархіі. Пасля згоды прызначаны архіварыусам Омскай духоўнай кансісторыі, рэгентам архіерэйскага хора. Падчас адступлення арміі Калчака на ўсход кансісторыя эвакуіравалася ва Уладзівасток (верас. 1919). 23.1.1920 ажаніўся з Нінай Дзям’янаўнай Уваравай (н. 1.1.1904). 5.4.1920 епіскапам Уладзівастоцкім Міхаілам (Багданавым) рукапаложаны ў дыякана, 20.4.1920 — у іерэя, прызначаны трэцім святаром Успенскага сабора ва Уладзівастоку. 3.5.1921 прыняты ў ваеннае ведамства як свяшчэннік флоцкага экіпажа. З 30.11.1921 свяшчэннік пры штабе дывізіёна Уладзівастока. З 1922 настаяцель Уладзівастоцкай Мікалаеўскай царквы. Арыштаваны ў 1932. Асуджаны за «антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў ППК. Пасля вызвалення вярнуўся ў Беларусь. У 1941 архіепіскапам Філафеем (Нарко) прызначаны настаяцелем Спаса-Праабражэнскага храма Шклова, благачынным. У кастр. 1953 мітрапалітам Мінскім і Беларускім Піцірымам (Свірыдавым) пераведзены ў Спаса-Праабражэнскую царкву Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, прызначаны сакратаром і благачынным тагачаснай Полацкай вобл. Узнагароджаны санам протаіерэя (6.5.1944), паліцай (9.5.1949), крыжам з упрыгожаннямі (17.4.1954), мітрай (23.4.1964). З 28.4.1965 за штатам.
Кр.: Архіў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, ф. 1, в. 2, с. 404, 548.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.