Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967. » Том II » ПАЎЛІН (КРОШАЧКІН)
[Пётр Кузьміч; 9.12.1879 (паводле інш. звестак 19.12.1879), Макшаны Пензенскай губ., Расія — 3.11.1937, ГУЛАГ], свяшчэннамучанік, архіепіскап. Рускі. З сялянскай сям’і. Пасля сканчэння прыходскай школы, вучыўся ў гарадскім вучылішчы ў Макшанах. У 1895 паступіў у Сароўскую Пустынь. З 1898 у Мікола-Бабаеўскім манастыры Кастрамской губ., потым паслушнік Спаса-Якаўлеўскага — у Растове. У 1902 вярнуўся ў Мікола-Бабаеўскі манастыр. У 1904 прыняты ў Маскоўскі Нова-Спаскі манастыр. У 1911 паступіў экстэрнам у духоўную семінарыю, чатырохгадовы курс прайшоў на працягу года. У 1916 скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя. У Маскоўскім Нова-Спаскім манастыры ўзведзены ў іераманаха з імем Паўлін. У 1919 накіраваны выкладчыкам у Грыгор’ева-Бізюкаў манастыр Херсонскай епархіі. Узведзены ў сан архімандрыта. У 1920 намеснік Нова-Спаскага манастыра. 15.5.1921 хіратанісаны ў епіскапа Рыльскага, вікарыя Курскай епархіі. У 1925 арыштаваны органамі АДПУ і этапаваны ў Маскву. У зняволенні ў камеры-адзіночцы прабыў каля года. Пасля вызвалення некаторы час жыў у Маскве ў знаёмых. З 27.10.1926 — епіскап Полацка-Віцебскі. Зноў арыштаваны ў снеж. 1926. Вызвалены ў 1927. Атрымаў прызначэнне на Пермскую кафедру з тутылам епіскап Пермскі і Салікамскі. Са снеж. 1930 да восені 1933 епіскап Бароўскі Калужскай епархіі. У канцы жн. 1933 пераведзены ў Магілёўскую епархію з тытулам архіепіскап Магілёўскі. Карыстаўся усеагульнай любоўю прыхаджан і глыбокай пашанай мясцовага духавенства. Шмат каму дапамагаў матэрыяльна. Па дамоўленасці з епіскапам Філарэтам (Раменскім) у 1935 накіраваў мітрапаліту Сергію рапарт з хадайніцтвам аб далучэнні бел. аўтакефалістаў да кананічнай Царквы. 2.10.1935 арыштаваны органамі НКВД і пасаджаны ў Магілёўскую турму. Праз некаторы час пераведзены ў Мінскую ўнутраную турму НКВД. 21.4.1936 асуджаны тройкай НКВД з інш. свяшчэннаслужыцелямі і актыўнымі прыхаджанамі за «антысавецкую агітацыю» і «контррэвалюцыйную дзейнасць» да 10 гадоў ППК. Этапаваны ў Сібірскі канцлагер НКВД Новасібірскай вобл. 28.10.1937 лагернай тройкай прыгавораны да ВМП. Расстраляны. Рэабілітаваны 27.2.1969 пастановай пленума Вярхоўнага суда БССР. Групавая справа П. і інш. (усяго каля 30 чалавек) № 9394 захоўваецца ў архіве УКДБ Магілёўскай вобл. У 2000 на Юбілейным саборы РПЦ кананізаваны як свяшчэннамучанік.
Літ.: Их страданиями очистится Русь. М., 1996. С. 200—237; Кривонос Ф., свящ. Мученики и исповедники Могилевские ХХ века: Феодосий (Ващинский), свмч. Павлин (Крошечкин), Александр (Раевский). Мн., 2002. С. 15—19; Православный календарь на 2004 год. Сост. Кулаженко Л.Е., Матрунчик Т.А. Мн., 2003. С. 97.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.