Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.

Том I
Том II
Том II. Дадатак
Скароты

Імянны паказальнік (.doc, 462 Kб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.  » Том II  » НІКАН (ВАРАБ’ЁЎ) 

НІКАН (ВАРАБ’ЁЎ)

[Мікалай Мікалаевіч; 4.5.1894, в. Мікшына Бежацкага пав. Цвярской губ., Расія — 7.9.1963, Гжацк, цяпер Гагарын, Расія], ігумен. Рускі. Са шматдзетнай сялянскай сям’і. Пасля сканчэння (1914) у ліку лепшых рэальнага вучылішча ў Вышнім Валачку Цвярской губ. паступіў у Петраградскі Псіха-неўралагічны (?) інстытут, які праз 2 гады пакінуў і паступіў у Маскоўскую духоўную акадэмію. Пасля яе закрыцця ў 1919 выкладаў матэматыку ў школе ў  Сасновіцах, потым пераехаў у Маскву, служыў псаломшчыкам у Барыса-Глебскім храме. 7.4.1931 у Мінску епіскапам Мінскім Феафанам (Семянякам) пастрыжаны ў манашаскі сан з імем Нікан і рукапаложаны ў іерадыякана, 26.12.1932 — у іераманаха. Служыў у Мікалаеўскай царкве пас. Козырава (цяпер у межах Мінска.) Арыштаваны 5.4.1933 у Мінску ў доме па вул. Безымяннай. Праходзіў па адной справе з архімандрытам Гаўрыілам (Горбачам), святарамі Мікалаем Цімінскім, Аляксандрам Яхневічам, манахінямі Еўфрасінняй Гутар, Еўдакіяй Лукашэвіч, Людмілай Палянскай, Наталляй Сон (Зон), актыўнымі прыхаджанамі Аленай Галкінай (н. ў 1888), Пятром Каладкевічам (1876), Ксеніяй Лецка (1892) і інш. Асуджаны 7.6.1933 асобай нарадай пры АДПУ за «антысавецкую агітацыю» дa 5 гадоў ППК. Этапаваны ў адзін з  лагпунктаў АДПУ Камсамольска-на-Амуры Далёкаўсходняга краю. У зняволенні некаторы час знаходзіўся з епіскапам Магілёўскім Феадосіем (Вашчынскім), ад якога 19.1.1937 атрымаў своеасаблівую даведку, дзе былі і такія радкі: «Іераманах Нікан <…> крыж сярод лагерных нёс цярпліва, без тугі і смутку, падаючы сваім жыццём добры прыклад усім». Пасля вызвалення (1937), не маючы магчымасці працягваць свяшчэннаслужэнне, працаваў памочнікам урача ў Ніжнім Валачку. У 1944 епіскапам Калужскім Васіліем прызначаны настаяцелем Благавешчанскага храма ў Казельску (другі святар храма Рафаіл Шэйчанка адбыў у сталінскіх канцлагерах больш за 20 гадоў). З 1948 служыў у Белеве, потым у Яфрэмаве, Смаленску, Гжацку. Узведзены ў сан ігумена (1956). Аўтар успамінаў, духоўных кніг. Рэабілітаваны 12.6.1989 пракуратурай БССР. Групавая справа Н. і інш. № 24819-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Тв.: Нам оставлено покаяние. М., 1997; Письма духовным детям. Клин, 2003.

Кр.: БНДЦЭД; Кривонос Ф., свящ. Неизвестные страницы из жизни игумена Никона (Воробьева) // Царкоўнае слова. 1999. № 2. С. 8—9; www.krotov.info; www.russian-inok.org; http: // pravbeseda.ru.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".