Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.

Том I
Том II
Том II. Дадатак
Скароты

Імянны паказальнік (.doc, 462 Kб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.  » Том II  » МІХАІЛ НАВІЦКІ 

МІХАІЛ НАВІЦКІ

[1889, в. Сіманічы Мазырскага пав. Мінскай губ., цяпер Лельчыцкі р-н Гомельскай вобл. — 30.4.1935, Узда], свяшчэннамучанік. Протаіерэй. Адзін з 13 дзяцей протаіерэя Канстанціна Навіцкага*. Скончыў гісторыка-філалагічны ф-т Санкт-Пецярбургскага ун-та. З 1914 выкладчык лацінскай мовы і гісторыі ў Мінскай мужчынскай гімназіі. У тым жа годзе ажаніўся з Зіновіяй Корзун, дачкой протаіерэя Мікалая Феафілавіча Корзуна (бацька Анатолія Корзуна). З 1915 яны знаходзіліся ў бежанстве ў Омску, Расія. Вярнуліся ў Мінск у канцы 1919. У лют. 1920 вікарным епіскапам Слуцкім Мелхіседэкам (Паеўскім) рукапаложаны ў іерэя і прызначаны настаяцелем у Петра-Паўлаўскую царкву ў мяст. Узда Ігуменскага пав. Мінскай губ. У сярэдзіне 1920-х г. благачынны цэркваў 2-й акругі Ігуменскага пав. У 1933 савецкія ўлады храм зачынілі і Н. перайшоў служыць у маленькую старожку, што стаяла на царкоўным пагосце. Улады прапанавалі святару адрачыся ад Бога, але ён адмовіўся. У крас. 1935 да яго нечакана з’явіўся незнаёмец і стаў патрабаваць аддаць царкоўныя каштоўнасці. М. не аддаў і быў збіты да паўсмерці. Праз некалькі дзён ён памёр. Жонка засталася адна з пяццю дзецьмі. Неўзабаве яна была выслана. У 1939 у Фінскую вайну загінуў старэйшы сын святара Георгій. З 2-й сусветнай не вярнуўся другі яго сын Васіль. 10.10.1942 трэці сын святара Мікалай закрыў сваім целам амбразуру нямецкага дзота. 31.3.1943 яму пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Дачка святара Наталля ўдзельнічала ў баях на Ленінградскім фронце. У 1999 Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы М. кананізаваны і далучаны да ліку святых новапакутнікаў.

Кр.: Памятная книжка Минской губернии; НГАБ, ф. 2786, в.1, с.67; Касяк І. З гісторыі праваслаўнай Царквы беларускага народу. Нью-Ёрк, 1956; Житія и Жизнеописанія новопрославленныхъ святых и Подвижниковъ Благочестія, въ Русской Православной Церкви просіявшихъ (отъ царствованія царя-мученика Николая II Александровіча і до нашихъ дней). СПб., 2001. Т. 2 (августъ-декабрь); Жития священномучеников Минской епархии; www.hramvsr.by.


* Н. каля 1850. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, рукапаложаны ў іерэя (1875). Служыў ва Успенскай царкве ў мяст. Волма Мінскага пав., цяпер Дзяржынскі р-н Мінскай вобл. У 1881 пераведзены ў Раства-Багародзіцкі храм в. Малая Плотніца Пінскага пав. Мінскай губ., цяпер Пінскі р-н Брэсцкай вобл. З 19.1.1885 і да смерці ў 1900 — у Параскева-Пятніцкай царкве в. Сіманічы.

 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".