Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.

Том I
Том II
Том II. Дадатак
Скароты

Імянны паказальнік (.doc, 462 Kб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.  » Том II  » МІТРАФАН (КРАСНАПОЛЬСКІ) 

МІТРАФАН (КРАСНАПОЛЬСКІ)

[Дзмітрый Іванавіч; 22.10.1869, в. Мікалаеўка Біргочанскага пав. Варонежскай губ. — 6.7.1919, ЧК], свяціцель, архіепіскап, царкоўны дзеяч. З сялянскай сям’і. У 1884 пасля заканчэння Біргочанскага духоўнага вучылішча паступіў у Варонежскую духоўную семінарыю (скончыў у 1890). Рукапаложаны ў дыякана. У 1893 паступіў у Кіеўскую духоўную акадэмію. Пасля смерці жонкі прыняў манашаскі пострыг (21.8.1896) з імем Мітрафан. У 1897 скончыў духоўную акадэмію, рукапаложаны ў іераманаха і накіраваны служыць інспектарам Іркуцкай духоўнай семінарыі. Узнагароджаны набедранікам, нагрудным крыжам. У 1902 прызначаны рэктарам Магілёўскай духоўнай семінарыі і ўзведзены ў сан архімандрыта. З 1906 член новазацверджанага епархіяльнага місіянерскага савета. 11.2.1907 у Свята-Троіцкім саборы Аляксандра-Неўскай лаўры Санкт-Пецярбурга адбылася архіерэйская хіратонія М. ў епіскапа Гомельскага, вікарыя Магілёўскай епархіі. Адначасова прызначаны настаяцелем Магілёва-Брацкага манастыра. У тым жа годзе выбраны ў III Дзяржаўную думу. Узнагароджаны ордэнамі св.Анны I (1911) II ступені (1905), св. Уладзіміра III ступені (1908). 9.11.1912 прызначаны епіскапам Мінскім і Тураўскім. Ва ўмовах 1-й сусветнай вайны працягваў кіраваць Мінскай епархіяй, клапаціўся пра богаслужэнні ў храмах ваеннай зоны. У 1916 прызначаны епіскапам Астраханскім і Енатаеўскім. У Астраханскай епархіі таксама ўзначальваў місіянерскую дзейнасць. З 1917 іменаваўся архіепіскапам Астраханскім і Цараўскім. У 1918 узведзены ў сан архіепіскапа. Арыштаваны карнымі органамі савецкай улады 25.5.1918. Расстраляны без суда і следства. У 2002 св. Сінод Беларускага Экзархата пастанавіў далучыць архіепіскапа Мітрафана да ліку Сабора Беларускіх Святых.

Кр.: Степанов (Русак) В. Свидетельство обвинения. 1993. Т. 1. С.181; Правящие архиереи Минской епархии; Православный календарь на 2004 год. Сост. Кулаженко Л. Е., Матрунчик Т. А. Мн., 2003. С. 91.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".