Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.  » Том I  » ЖУНДА Мікалай Іосіфавіч 

ЖУНДА Мікалай Іосіфавіч

[22.7.1913, Каплаўская вол. Ілуксцкага пав. Курляндскай губ., цяпер Латвія — 25.7.1953, Краснаярск], протаіерэй. Са шматдзетнай сялянскай сям’і. Пасля сканчэння на выдатна Рыжскай духоўнай семінарыі (1934) рукапаложаны ў іерэя (29.7.1934) архіепіскапам Іаанам Померам (гэта было яго апошняе пасвячэнне — неўзабаве ўладыка быў забіты). У 1934—36 служыў у Богаяўленскай царкве ў Салдусе, Латвія. Удзельнічаў у Міжнароднай Студэнцкай Хрысціянскай канферэнцыі (1934). У 1936—41 у царкве гарнізоннага сабора ў Даўгаўпілсе. Таксама служыў другім святаром (праз год настаяцелем) у саборы святых Барыса і Глеба. З канца 1930-х г. (?) разам з ім пачаў служыць і яго брат. У 1941 пасля ўзнікнення Знешняй Праваслаўнай Місіі, Ж. атрымаў прапанову стаць яе сакратаром, нам. айца Кірыла Зайца, пазней працу ў місіі сумяшчаў са службай у Пскоўскім кафедральным саборы і з пасадай благачыннага. У 1944 пасля закрыцця Місіі, вярнуўся ў Латвію, дзе служыў у храме ў Ілуксце. 25.10.1944 пасля сканчэння богаслужэння арыштаваны супрацоўнікамі НКВД і перавезены ў Лідскую турму. 15.5.1945 асуджаны ваенным трыбуналам войск НКВД па справе «Пскоўскай Духоўнай Місіі. Ленінград, 1945» да 20 гадоў ППК. Этапаваны ў адзін з канцлагераў Краснаярскага краю (Дудзінка). Загінуў ад туберкулёза ў турэмнай бальніцы, пра што было паведамлена сваякам. У Лудзенскім саборы, дзе настаяцелем служыў яго брат, адпраўлены парастас, а 30.7.1953 адбылося адпяванне нябожчыка. У 1961 на могілках Даўгаўпілса з’явілася ўмоўная магіла, зробленая братам протаіерэя. Рэабілітаваны 17.12.1956 трыбуналам Ленінградскай ВА.

Кр.: Афіцыйны сайт Віцебскай епархіі.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".