Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967. » Том I » ДЗІМІТРЫЙ ПЛЫШЭЎСКІ
[26.10.1880, в. Дубенец Пінскага пав. Мінскай губ., цяпер Столінскі р-н Брэсцкай вобл. — 19.1.1938, Мінск, турма НКВД], свяшчэннамучанік. Рускі. Сын Іаана Плышэўскага* . Скончыў Мінскую духоўную семінарыю. З 1906 настаяцель Пакроўскай царквы в. Астражанка Мазырскага пав. Мінскай губ., цяпер Лельчыцкі р-н Гомельскай вобл. З 1909 служыў у Свята-Георгіеўскай царкве в. Лядзец Мазырскага пав. Мінскай губ., цяпер Столінскі р-н. Гадаваў чатыры дачкі. У 1920-я г. настаяцель Пакроўскай царквы в. Вузляны (Паляны) Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Пухавіцкі р-н Мінскай вобл. Быў жанаты на Аляксандры Кіркевіч, дачцы Паўла Кіркевіча** , сястры Антонія Кіркевіча. Арыштаваны ў 1929 (або ў 1930). На допытах шмат разоў катаваны, але ад сана і веры не адмовіўся. Вызвалены праз некалькі тыдняў. Пасля закрыцця царквы ў Вузлянах перайшоў служыць у Мікалаеўскую царкву ў мяст. Смалявічы Мінскай вобл., дзе настаяцелем быў протаірэй Уладзімір Зубковіч. Зноў арыштаваны 26.9.1937. Праходзіў па адной справе з актыўнымі прыхаджанамі царквы Пракопам Яўменчыкам (1898), Васілём Мардовічам (1882), Кастусём Пятроўскім (1881), Адамам Папковічам (1883), Рыгорам Розумам (1865), Радыёнам Якубіцкім (1899). Асуджаны 19.11.1937 тройкай НКВД за «контррэвалюцыйную агітацыю», «удзел у шпіёнскай арганізацыі» і «блізкае знаёмства з ворагам народа епіскапам Філарэтам» (Фёдарам Раменскім) дa ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны (паводле інш. звестак закапаны ў зямлю жывым). Рэабілітаваны 10.4.1989 пракуратурай БССР. У 1999 Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы далучаны да ліку святых новапакутнікаў. Групавая справа Дз. і інш. № 22033-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: Памятная книжка Минской епархии; Памятная книжка Минской губернии; НГАБ, ф. 2786, в. 1, с. 67; Житія и Жизнеописанія новопрославленныхъ святых и Подвижниковъ Благочестія, въ Русской Православной Церкви просіявшихъ (отъ царствованія царя-мученика Николая II Александровіча і до нашихъ дней). СПб, 2001. Т. 2 (августъ-декабрь); Жития священномучеников Минской епархии.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.