Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967. » Том I » ГУДКОЎ (ГУДКОВ) Фёдар Андрэевіч
[10.1.1888, в. Другое Шэйкіна Гарадоцкага пав. Віцебскай губ., цяпер тэрыторыя Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. (вёска не існуе) — 6.8.1982], святар. Беларус. З сялянскай сям’і. У юнацтве прыняты паслушнікам у Віцебскі Архіерэйскі дом. Потым на працягу 4 гадоў паслушнік Невельскага мужчынскага манастыра, выконваў абавязкі псаломшчыка. Прызваны ў армію. Нам. царкоўніка, царкоўнік 99-га Івангародскага тэхнічнага палка. Скончыў 10-месячныя фельчарскія курсы. Экстэрнам здаў экзамен на псаломшчыка (1918). Вікарным епіскапам Дзвінскім Панцеляіманам (Ражноўскім)* прызначаны ў Аляксандра-Неўскую царкву в. Лёхава Гарадоцкага пав., цяпер тэрыторыя Гарадоцкага р-на (вёска не існуе). З 1921 псаломшчык храма ў Невелі Віцебскай губ., цяпер Пскоўская вобл., Расія. У 1923 абнаўленчым епіскапам Гаўрыілам (Свідзерскім) рукапаложаны ў дыякана, у 1924 у іерэя. Служыў у Мікалаеўскай царкве в. Веляшковічы Віцебскага (цяпер Лёзненскага) р-на Віцебскай вобл. Архіепіскапам (абнаўленчым) Полацкім і Віцебскім Аляксандрам (Шчарбаковым)** узнагароджаны набедранікам (1926), архіепіскапам (абнаўленчым) Сергіем (Дабрамыславым)*** — скуф’ёй (1927), епіскапам Веліжска-Невельска-Высачанскім Міхаілам (Свідзерскім)**** — камілаўкай (1928). Арыштаваны ў 1929. Асуджаны калегіяй АДПУ за «антысавецкую прапаганду» да ВМП. 20.2.1930 прысуд заменены на 10 гадоў ППК з канфіскацыяй маёмасці. Этапаваны ва Ухта-Іжэмскі канцлагер НКВД Комі АССР. Вызвалены 5.10.1939. Зноў арыштаваны 25.10.1939. Прыгавораны да зняволення (тэрмін невядомы). У трэці раз арыштаваны 5.11.1945 у г. Ухта Комі АССР, дзе працаваў інструктарам па дэзінфекцыі раённага аддзела аховы здароўя. Абвінавачаны ва «ўдзеле ў контррэвалюцыйнай групе, якая існавала з канца 1942». Прыгавораны да 5 гадоў ППК. Да дому вярнуўся хворым, фактычна інвалідам. З 1950 працаваў у калгасе. У 1956 епіскапам Бабруйскім вікарыем Мінскай епархіі Ляонціем (Бондарам)***** зноў рукапаложаны ў дыякана і прызначаны ў царкву в. Рэвуты Лёзненскага р-на. 2.12.1956 мітрапалітам Мінскім і Беларускім Піцірымам (Свірыдавым) рукапаложаны ў іерэя (паўторна). Служыў у Ільінскай царкве в. Паўлавічы Віцебскага р-на. З 1957 да 1960 камандзіраваўся ў розныя прыходы Мінска-Беларускай епархіі. З 3.1.1958 служыў у Пакроўскім храме в. Збляны Лідскага р-на Гродзенскай вобл. З 28.2.1958 — у Сергіеўскай царкве в. Лескавічы Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. З 30.12.1958 — у Пакроўскім храме в. Гарадзечна Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. З 1.1.1959 — у Аляксандра-Неўскай царкве мяст. Індура Гродзенскага р-на. З 27.4.1959 — у Георгіеўскім храме в. Нічыпаравічы Шклоўскага р-на Віцебскай вобл. З 27.6.1959 — у Анненскай царкве в. Любішчыцы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. З 24.7.1959 — у Свята-Троіцкім храме в. Дуброўна Аршанскага р-на Віцебскай вобл. З 15.4.1960 — у Анненскай царкве в. Міжэрычы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. 24.3.1961 Віцебскай міжраённай урачэбна-працоўнай экспертнай камісіяй (УПЭК) прызнаны інвалідам 2-й групы. З другой паловы 1961 за штатам. Жыў у в. Рэвуты, у якой памёр і пахаваны. Па апошняй справе рэабілітаваны 10.5.1989 пракуратурай Комі АССР.
Кр.: Архіў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, ф. 1, в. 2, с. 202.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.