Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967. » Том I » ВЕНІЯМІН (НАВІЦКІ)
[Сяргей Васілевіч; 25.9.1900, в. Крывічы (тагачасны паштовы адрас: ст. Ракаў) Мінскага пав., цяпер Валожынскі р-н Мінскай вобл. — 14.10.1976, Чэбаксары], епіскап, сын Васілія Навіцкага* , брат Валерыяна (Навіцкага). Пасля сканчэння Слуцкага духоўнага вучылішча (1914) паступіў у Мінскую духоўную семінарыю, у якой вучыўся да яе закрыцця ў 1918. З 1919 настаўнік школы в. Печураны Слуцкага пав., цяпер Капыльскі р-н. З 1921 псаломшчык Свята-Троіцкай царквы в. Дарава (тагачасны паштовы адрас: ст. Баранавічы) Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл. З 1922 вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, з 1925 на багаслоўскім ф-це Варшаўскага ун-та. 25.12.1928 пастрыжаны ў іераманаха. Пасля сканчэння ун-та (1929), член Духоўнага сабора Успенскай Пачаеўскай Лаўры. 17.5.1934 узведзены ў сан архімандрыта. З лета 1936 настаяцель Пакроўскай царквы ў Львове, благачынны праваслаўных прыходаў Галіцыі. У снеж. 1937 абараніў дысертацыю «Об изменяемости канонов православной церкви» і атрымаў ступень магістра багаслоўя. 15.7.1941 хіратанісаны ў епіскапа Пінскага і Палескага, вікарыя Валынскай епархіі. Падчас 2-й сусветнай вайны заставаўся на акупаванай тэрыторыі. Са жн. 1942 епіскап Палтаўскі і Лубненскі. Арыштаваны ў 1944 у Кіеве. Асуджаны да 10 гадоў ППК. Этапаваны ў адзін з Калымскіх канцлагераў. Вызвалены ў 1956. З ліст. 1956 епіскап Омскі і Цюменскі. 12.2.1958 узведзены ў сан архіепіскапа. З 21.2.1958 архіепіскап Іркуцкі і Чыцінскі. З 31.5.1973 архіепіскап Чэбаксарскі і Чувашскі.
Кр.: За Христа пострадавшие.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.