Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга II » ШУКЕЛОЙЦЬ Антон Антонавіч
[н. 19.7.1915, в. Якелеўшчына Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.], бел. культурны і грамадскі дзеяч, этнолаг, музеязнавец, публіцыст. Скончыў польскую гімназію ў Ашмянах, этнаграфічнае аддзяленне гуманітарнага ф-та Віленскага ун-та імя С. Баторыя, у якім вучыўся разам з Г.Цітовічам. З восені 1939 настаўнік бел. мовы ў Ашмянскай СШ, загадчык раённага аддзела народнай адукацыі, арганізатар бел. настаўніцкіх курсаў. У 1940 перакваліфікоўваўся ў Мінску пры Камуністычным ун-це журналістыкі, працаваў школьным інспектарам у Ашмянах. У чэрв. 1941 арыштаваны НКВД, зняволены. Вызваліўся пры этапаванні на ўсход у Крупках ў ліп. 1941. Са жн. 1941 дырэктар Беларускага краязнаўчага музея ў Мінску. У 1944 загадчык аддзела музеяў і краязнаўства Беларускага культурнага згуртавання, інспектар аддзела асветы. Удзельнік II Усебеларускага кангрэса. З лета 1944 у Германіі, дзе апекаваўся музейнымі каштоўнасцямі, вывезенымі акупантамі з Беларусі. З пачатку 1950-х г. у ЗША. Сябра ўправы Беларускага інстытута навукі і мастацтва. З 1975 нязменны старшыня Галоўнай управы Беларуска-амерыканскага задзіночання. Як этнограф, музеязнавец, мастацтвазнавец актыўна друкуецца ў газ. «Беларус».
Кр. геагр.: Рапановіч. Слоўнік геаграфічных назваў.
Літ.: Мы гэтак шмат страцілі: [інтэрв’ю Ю.Хадыкі з А.Шукелойцам] // ЛіМ. 1991. 26 ліп.; Пазьняк З. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. Варшава—Вільня. 2003.
[Паводле кнігі: т. III, кн. 2, с. 456–457]
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.