Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том III. Кнiга II  » ПРЫШЧЭПАЎ Дзмітрый Філімонавіч 

ПРЫШЧЭПАЎ Дзмітрый Філімонавіч

[9(21).11.1896, в. Калодніца Сенненскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Крупскі р-н Мінскай вобл. — 31.1.1940], дзяржаўны і грамадскі дзеяч БССР. З сялянскай сям’і. Вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе, скончыў земскую школу ў Чарэі (цяпер Чашніцкі р-н Віцебскай вобл.), экстэрнам здаў экзамен на званне народнага настаўніка. У 1916 прызваны ў армію. Прайшоў паскораны курс Віленскага ваеннага вучылішча і атрымаўшы чын падпаручніка адпраўлены спачатку ў запасны полк, а праз некаторы час на Зах. фронт камандзірам роты. У кастр. 1917 выбраны салдатамі камандзірам палка і старшынёю палкавога ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. З 1918 у Чырвонай арміі, камандаваў 2-ім Смаленскім палком, які ахоўваў дэмакрацыйную лінію, потым нам. старшыні Сенненскага павятовага выканкама, старшыня Веліжскага павятовага рэўкама. У 1922—23 старшыня Аршанскага павятовага выканкама. З пач. 1924 нам. старшыні Віцебскага губвыканкама, член Часовага Бел. бюро ЦК РКП(б). У сак. 1924 разам з І.А.Адамовічам падпісаў акт пра далучэнне Віцебскай губ. да БССР. У 1924—29 нам. наркама, наркам земляробства БССР, старшыня сельска-гаспадарчай секцыі (аддзела) Інбелкульта. З мая 1929 нам. старшыні Дзяржаўнай планавай камісіі, член Эканамічнай нарады БССР. У вер. 1929 абвінавачаны ў правым ухіле, выключаны з партыі і зняты з пасады наркама. Загадваў у Скрыгалаве (цяпер у Мазырскім р-не Гомельскай вобл.) Палескай вопытнай станцыяй. Арыштаваны 19.7.1930. Пасля нечалавечых катаванняў спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але паўжывога яго дасталі з пятлі. Асуджаны калегіяй АДПУ 18.3.1931 за «дапамогу кіраўніцтву «СВБ» у правядзенні контррэвалюцыйных мерапрыемстваў» да 10 гадоў ППК. Этапаваны ў Беламорска-Балтыйскі канцлагер АДПУ Карэла-Фінскай АССР, потым у Паўночна-Усходні канцлагер НКВД Далёкаўсходняга краю. Вызвалены ў чэрв. 1937. Жыў у Магадане. Зноў арыштаваны 13.8.1937. У студз. 1939 этапаваны ў Мінск. 20.11.1939 трыбуналам БВА прыгавораны да ВМП. Загінуў у зняволенні. Рэабілітаваны калегіяй Вярхонага суда БССР 14.6.1988.

Літ.: ЭГБ, т. 5; Памяць: Гiст.-дакум. хронiка Мінска. У 4 кн. Кн. 3-я. Мн., 2004. С. 490—492.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".