Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга II. Дадатак » ДУБОВІК Сямён Андрэевіч
[парт. псеўданімы: Андрэй, Стары, Балюк; 16.2.1888, в. Нараўшчына Пружанскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Камянецкі р-н Брэсцкай вобл. —28.10.1937, НКВД], дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Зах. Беларусі. У 1909 у пошуках работы эміграваў у ЗША. За рэвалюцыйную дзейнасць высланы з ЗША, вярнуўся ў Расію (1911). Працаваў на Ленскіх капальнях. Пасля ленскіх падзей уцёк ад паліцыі, жыў у Маскве. У 1914 і 1917 арыштаваны і сасланы. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 працаваў у Петраградзе і Маскве, служыў добраахвотнікам у 171-м запасным палку, потым яго камісар. У грамадзянскую вайну начальнік аддзела забеспячэння 2-й Украінскай брыгады. З 1921 на падпольнай рабоце ў Зах. Беларусі, узначальваў Брэсцкую акруговую арганізацыю Камуністычнай рабочай партыі Польшчы. Адзін з заснавальнікаў КПЗБ, удзельнік першай канферэнцыі КПЗБ. У 1923—24 сакратар Брэсцкага акругкама КПЗБ, дэлегат кангрэса Сялянскага інтэрнацыянала ў Маскве (1923). У 1924 арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны да 4 гадоў зняволення. З 1928 у апараце ЦК КПЗБ. З 1930 у СССР, працаваў у прадстаўніцтве ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б. У 1932 высланы ў Алтайскі край. Арыштаваны 21.8.1937. Асуджаны тройкай НКВД 12.10.1937 да ВМП. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Яго імем названы вуліцы ў Камянцы, в. Рэчыца Камянецкага р-на; пастаўлены бюст у в. Рэчыца.
Кр.: ЭГБ, т. 3.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.