Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том III. Кнiга I  » БЕЛЕНЬКІ Рыгор Якаўлевіч 

БЕЛЕНЬКІ Рыгор Якаўлевіч

[1885, мяст. Свержань Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл. — 14.3.1938, Масква, «Камунарка», НКВД], дзеяч рэвалюцыйнага руху, верагодна, брат Абрама і Яўхіма Беленькага. З сям’і службоўца. З юнацкіх гадоў пад уплывам мінскіх рабочых-рамеснікаў уключыўся ў рэвалюцыйную барацьбу. Арыштаваны ў чэрв. 1903. Абвінавачваўся ў прыналежнасці да Мінскай арганізацыі Бунда і распаўсюджванні нелегальнай літаратуры. Сасланы на 3 гады ў Архангельскую губ. Вызвалены па маніфесту 1904, вярнуўся ў Мінск, дзе прыняў актыўны ўдзел у дзейнасці мясцовай арганізацыі бальшавікоў. У час рэвалюцыі 1905—07 некалькі разоў арыштоўваўся. У чэрв. 1905 пераехаў у Вільню, затым у Пецярбург. Нелегальна вёў рэвалюцыйную работу ў Дзвінску і Коўне. У сак. 1910 арыштаваны за прыналежнасць да Дзвінскай ваеннай арганізацыі і сасланы ў Енісейскую губ. Адтуль уцёк і выехаў у Парыж. У 1914—17 з’яўляўся сакратаром Парыжскай секцыі бальшавікоў. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію. Актыўны ўдзельнік Кастрычніцкага перавароту 1917 ў Маскве. Да 1925 сакратар Краснапрэсненскага райкама РКП(б), затым загадчык агітпрапа ў выканкаме Камінтэрна. Пасля XIV з’езда ВКП(б) (снеж. 1925) прымкнуў да групы Зіноўева-Каменева-Троцкага. За актыўную апазіцыйную дзейнасць выключаны з ВКП(б), але хутка адноўлены. У 1936—37 дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі гаспадарнікаў і інжынерна-тэхнічных работнікаў мясцовай прамысловасці. Арыштаваны 18.9.1937 у Маскве па адрасе: Сіўцаў Вражак зав., д. 15/25, кв. 66. Асуджаны 14.3.1938 за «ўдзел у контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі» да ВМП. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 16.6.1956.

Тв.: В рядах РСДРП // Каторга и ссылка. 1925. № 4.

Кр. геагр.: Волости и важнейшие селения; Рапановіч. Слоўнік геаграфічных назваў.

Кр.: Расстрельные списки: «Коммунарка».

Літ.: Деятели революционного движения в России: Биобиблиографический словарь. М., 1931. Т. 5. Вып. 1; Попов И.В. Воспоминания. 2-е изд. М., 1989; Воспоминания о В.И.Ленине. Т. 4. М., 1990; ЭГБ, т. 1.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".