Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга I » БАШМАЧНІКАЎ Віктар Уладзіміравіч
[5(18).4.1902, пас. Рудня Аршанскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Аршанскі р-н Віцебскай вобл. — 28.6.1938, Мінск, НКВД], партыйны дзеяч. З сям’і настаўнікаў. Скончыў рабфак (1925), два гады вучыўся на вячэрнім аддзяленні БДУ. 16-цігадовым юнаком уступіў у Чырвоную армію. Пасля грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі на гаспадарчай рабоце. З вер. 1925 загадчык арганізацыйнага аддзела Цэнтральнага Савета Таварыства садзейнічання авіяцыі БССР. Восенню 1926 абраны старшынёй Цэнтральнага праўлення пралетарскага студэнцтва Беларускай ССР. З кастр. 1929 на адказных пасадах у прафсаюзах рэспублікі. У ліп. 1932 прызначаны загадчыкам арганізацыйнага аддзела Віцебскага гаркама КП(б)Б, з лют. 1935 яго другі сакратар. З сак. да вер. 1937 загадчык культпрасветаддзела ЦК КП(б) Беларусі. У ліст. 1937 пераведзены ў Саранск Мардоўскай АССР, дзе працаваў нам. наркама асветы. 9.12.1937 арыштаваны НКВД Мардоўскай ССР і этапаваны ў Мінск. 28.6.1938 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР асуджаны як «актыўны ўдзельнік антысавецкай арганізацыі правых і нацфашыстаў» да ВМП. Расстраляны. Рэабілітаваны 3.8.1957.
Кр. геагр.: Рапановіч. Слоўнік геаграфічных назваў.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.