Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга I » АКСЁНАЎ Пётр Фёдаравіч
[1909, в. Рынкоўка Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Чэрыкаўскі р-н Магілёўскай вобл. — ?], вайсковец. З бел. сялянскай сям’і. Атрымаў сярэднюю адукацыю. Уступіў у ВКП(б). Ажаніўся, гадаваў дваіх дзяцей. З 1941 да 1945 удзельнічаў у 2-й сусветнай вайне, якую скончыў у званні палкоўніка. Быў узнагароджаны 4 ордэнамі і медалямі. У другой палове 1950-х г. напісаў і накіраваў лісты міністру дзяржаўнага кантролю, пракурору БССР, у партыйныя органы, у якіх крытыкаваў М.Хрушчова, «бюракратызм, безадказнае перакручванне нашых законаў, празмерную пахвальбу, падман і ашуканства, уціск крытыкі і самакрытыкі, парушэнне прынцыпаў дэмакратыі». Арыштаваны 6.1.1958 у Мінску па адрасе: вул. Чырвоназорная, д. 5, кв. 43. Асуджаны паводле артыкула «антысавецкая агітацыя і прапаганда» 13.2.1958 да 10 гадоў папраўча-працоўных канцлагераў і 5 гадоў пазбаўлення правоў. 11.7.1958 Вярхоўным судом БССР тэрмін пакарання быў зменшаны да 3 гадоў. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 26.10.1965. Асабовая справа А. № 19355-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр. геагр.: Рапановіч. Слоўнік геаграфічных назваў.
Літ.: 580, с. 460.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.