Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга I » КАЗЛОЎ Уладзімір Георгіевіч
[н. 1934, Віцебск], навучэнец. З сялянскай сям’і. Падчас арышту студэнт Мінскага медыцынскага інстытута, член ВЛКСМ. Арыштаваны 19.10.1954 ў Мінску па адрасе: вул. Чырвоная, д. 19, кв. 21. Паводле дадзеных следства, з 1951 у размовах са знаёмымі абмяркоўваў праблемы пабудовы сацыялізма ў СССР пасля смерці У. Леніна. Разам з Даніэлем Марошакам напісаў «Маніфест рускіх марксістаў-ленінцаў», дзе КПСС называлася «халопска-дыктатарскай партыяй», а дзяржаўны лад у СССР «дзяржаўным капіталізмам». У «Маніфесце» гаварылася: «Мы з такой свядомасцю яшчэ прэтэндуем на сацыялізм! Не! Спачатку трэба дасягнуць вяршыняў буржуазнай культуры, а тады марксісцкую тэорыю народ вельмі хутка і па-сапраўднаму ўспрыме… Справа ўся была ў тым, што ва ўмовах усеагульнай нацыяналізацыі сродкаў вытворчасці і невысокай свядомасці мас… быў непазбежны дзяржаўны капіталізм, дыктатура аднаго чалавека». Асуджаны 4.1.1955 за «антысавецкую агітацыю» і за «контррэвалюцыйную дзейнасць» да 5 гадоў канцлагераў і 3 гадоў пазбаўлення правоў. 15.9.1956 тэрмін зняволення быў скарочаны да двух гадоў. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны прэзідыумам Вярхоўнага суда Беларусі 19.8.1997. Асабовая справа К. № 37027 з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Кр.: ДА РФ. Ф. 8131, воп. 31, спр. 71161; НАРБ, ІКР.
Літ.: 580, с. 237.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.