Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга I » ГРЫНЯВІЦКІ Ігнат Яўхімавіч
[жн. 1855, паводле іншых звестак восень 1856, маёнтак Басін Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер в. Калінаўка Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 1(13).3.1881, Пецярбург], нарадаволец, публіцыст. З маламаёмаснага дваранства. Вучыўся ў Беластоцкім рэальным вучылішчы, у Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце (1875—80), дзе ўдзельнічаў у польска-літоўска-бел. і рускіх рэвалюцыйных гуртках. У ліст. 1875 за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях часова адлічаны з інстытута. Вёў рэвалюцыйную прапаганду сярод рабочых, збіраў грошы паліт. вязням, вырабляў пашпарты рэвалюцыянерам. З 1879 член партыі «Народная воля», адзін з заснавальнікаў яе бел. фракцыі, нацыянальная праграма якой была надрукавана ў 1884 у час. «Гоман». У 1880 разам з А.Жалябавым, С.Пяроўскай і інш. ўвайшоў у цэнтральны нарадавольскі гурток прапагандыстаў. Стаў адным са стваральнікаў і аўтараў нарадавольскай «Рабочей газеты». Таксама ўвайшоў у склад групы, якая ўсю зіму (1880— 81) сачыла за перамяшчэннямі цара Аляксандра ІІ. 26.2.1881 быў прызначаны адным з 4 выканаўцаў, якім «Народная воля» даручыла здзейсніць тэрарыстычны акт. У ноч перад замахам склаў тэстамент, у якім напісаў: «Я не буду ўдзельнічаць у апошняй барацьбе. Лёс асудзіў мяне на раннюю гібель». 1(13).3.1881 бомбай, кінутай Г., Аляксандр ІІ быў забіты. Смяротна паранены Г. памёр у прыдворным Канюшанным шпіталі. Імя Г. носіць мост у Пецярбургу, які знаходзіцца недалёка ад месца замаху.
Кр. геагр.: Рапановіч. Слоўнік геаграфічных назваў.
Тв.: Завещание И.И.Гриневицкого // «Народная воля» в документах и воспоминаниях. М., 1930.
Лiт.: Биография Гриневицкого // На Родине. Лондон. 1882. № 1; Глинский Б.Б. Революционный период русской истории (1861—1881 гг.). Ч. 2. СПб., 1913; Жуковский-Жук И.И. Игнатий Иоакимович Гриневицкий. М., 1930; Ліпскі У. Невядомы: Аповесць пра Ігната Грынявіцкага. Мн., 1990; 1 марта 1881 года. Казнь императора Александра II: Документы и воспоминания. Л., 1991; Арлоў У.А. Прысуд выканаў невядомы: Ігнат Грынявіцкі. Мн., 1992; ЭГБ, т. 3.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.