Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга I » ГІКАЛА Мікалай Фёдаравіч
[8(20).3.1897 (паводле іншых звестак 1896), Адэса, цяпер Украіна — 25.4.1938, Масква, «Камунарка», НКВД], партыйны і дзяржаўны дзеяч. У 1915 скончыў Тыфліскую ваенна-фельчарскую школу. У 1917 уступіў у РСДРП. Удзельнічаў ва ўсталяванні савецкай улады на паўн. Каўказе; у 1918 старшыня Савета г. Грозны. У далейшым член Каўказскага краявога камітэта РКП(б), ваенны камісар Церскай вобл. і Дагестана. У 1920-х г. працаваў у Сярэдняй Азіі. У 1929 скончыў Камуністычную акадэмію ў Маскве. Прызначаўся сакратаром ЦК КП(б) Узбекістана і Азербайджана. У 1930—34 член Цэнтральнай Рэвізійнай камісіі ВКП(б). З 1931 сакратар Маскоўскага абкама і гаркама ВКП(б). У студз. 1932 накіраваны ў Беларусь на пасаду 1-а сакратара ЦК КП(б)Б. Член Бюро ЦК КП(б)Б, Прэзідыума ЦВК БССР, Рэўваенсавета БВА. Кандыдат у члены ЦК ВКП(б) з 1934. Член ЦВК СССР. Працуючы ў Беларусі, шмат увагі надаваў развіццю гаспадаркі і культурнаму будаўніцтву, у 1932 аб’явіў БССР рэспублікай усеагульнай пісьменнасці. Многія пытанні вырашаў адміністрацыйна-каманднымі метадамі, спрыяў прымусовай калектывізацыі, удзельнічаў у разгортванні масавых рэпрэсій у БССР. Старшынёй камісіі па чыстцы ва ўстановах культуры, адукацыі і навукі была яго жонка Чыжова — дырэктар Інстытута журналістыкі. У лют. 1937 Г. пераведзены ва Украіну на пасаду 1-га сакратара Харкаўскага гаркама КП(б)У. Член палітбюро ЦК КП(б)У. Сам стаў ахвяраю карнай палітыкі. Арыштаваны 11.10.1937 у Маскве па адрасе: Стараканюшанны зав., д. 19/17, кв. 4. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 25.4.1938 як «англійскі шпіён» да ВМП. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй вярхоўнага суда СССР 10.8.1955. Асабовая справа Г. № 3626 захоўваецца ў архіве УКДБ Магілёўскай вобл. Яго імем названа вуліца ў Мінску.
Кр.: Расстрельные списки: «Коммунарка».
Літ.: Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. Мн., 2000; Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мн., 2000; Платонаў Р.П. Беларусь у міжваенны перыяд. Старонкі палітычнай гісторыі ў святле архіўных крыніц. Мн., 2001; Протько Т.С. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941 гг.). Мн., 2002; ЭГБ, т. 2.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.