Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том III. Кнiга I  » КОНАН Мікалай Уладзіміравіч 

КОНАН Мікалай Уладзіміравіч

[26.10.1929, мяст. Лужкі Дзісенскага пав. Віленскага ваяв., цяпер Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл. — ?], педагог. З сям’і вясковага настаўніка. У час 2-й сусветнай вайны заставаўся на акупаванай тэрыторыі, вучыўся у Лужкоўскай няпоўнай СШ, дырэктарам якой быў ягоны бацька, Глыбоцкай гімназіі (з вер. 1943), уступіў у СБМ. Пасля закрыцця гімназіі (лета 1944) паступіў у Глыбоцкае педагагічнае вучылішча. У час вучобы па просьбе аднакурсніка В. Мядзельца надрукаваў на машынцы тэкст прысягі, якую прымалі тыя, хто уступаў у Саюз беларускіх патрыётаў, нелегальнае маладзёжнае згуртаванне, арганізаванае М.Асіненкам, В. Мядзельцам, А. Фурсам і некаторымі іншымі навучэнцамі вучылішча. Пасля заканчэння вучобы працаваў настаўнікам у Залескай няпоўнай СШ Глыбоцкага р-на Полацкай вобл. Адначасова паступіў на завочнае аддзяленне МВПІ. Арыштаваны 29.4.1948 у в. Залессе. Асуджаны 15.7.1948 да 10 гадоў папраўча-працоўных работ з канфіскацыяй маёмасці. Этапаваны ў Нарыльскі канцлагер МДБ Краснаярскага краю. Улетку 1953 удзельнічаў у паўстанні вязняў канцлагера. Вызвалены ў вер. 1954. Вярнуўся дадому. Скончыў курсы шафёраў, працаваў у калгасе пад Лужкамі. Калі «набрыдла бачыць на сабе скосыя позіркі розных мясцовых чынкоў і актывістаў», выехаў у Інту Комі АССР, працаваў на шахце. Паступіў на завочнае аддзяленне Маскоўскага інстытута нафты імя Губкіна, праз тры гады перавёўся ў Ленінградскі горны інстытут, пасля заканчэння якога працаваў горным майстрам. Пасля выхаду на пенсію вярнуўся дадому ў Лужкі. Рэабілітаваны Віцебскім абл. судом 5.2.1990. Асабовая справа К. захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.

Кр. геагр.: Рапановіч. Слоўнік геаграфічных назваў.

Лiт.: Гарт. З успамiнаў пра Саюз Беларускiх Патрыётаў. Мн., 1997.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".