Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том II » ЮДЭЛЬСОН Арон Ісакавіч
[17.7.1907, Рыга — 29.10.1937, Мінск, НКВД], паэт, нарысіст. Паходзіў з настаўніцкай сям’і. Пачаў публікавацца ў 1923 у нелегальным друку Латвіі. Да 1928 жыў у Латгаліі, потым пераехаў у Беларусь. З 1929 выступаў у яўрэйскім друку Беларусі. У 1930 паступіў у МВПІ; пакінуў вучобу на 4 курсе. У 1931 вышла ў свет першая кніга Ю. («Камбінат: Паэма» М.; Харкаў; Мн., 1931 / Ідыш). У 1934 у Мінску выдаў 3 кнігі вершаў і прозы на ідыш [«Межы: Проза і вершы»; «У нашай сталіцы: (Нарысы)»; «Чырвонасцяжны калгас «Колас» / Суаўт. Х.Шынклер]. Найбольшы лірызм і мастакоўскую чуйнасць паэт выявіў у ранні, латгальскі, перыяд сваёй творчасці, калі натуральныя пачуцці яшчэ не былі дэфармаваны класавай ідэалогіяй. Працаваў у рэдакцыі яўрэйскай газ. «Октобэр», на радыё. Да 1935 часта публікаваўся ў час. «Штэрн». Член СП Беларусі з 1934. У 1935 быў сакратаром яўрэйскай секцыі СП. Арыштаваны 11.9.1937. Прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1957.
Тв.: Бел. пер.: Прывітанне: Вершы. Мн., 1961.
Літ.: Базарэвіч М. Прывітанне светламу дню // ЛіМ. 1961, 29 жн.; Хведаровіч М. Ён быў у нашым страі // ЛіМ. 1967, 18 ліп.; БП, т. 6.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.