Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том II » СЯНКЕВІЧ Аляксандр Антонавіч
[20.1.1884, в. Мікалаеўшчына Мінскага пав., цяпер Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл. — 29.6.1938, Мінск, НКВД], дзяржаўны і паліт. дзеяч, медык, пісьменнік, публіцыст. У 1902 скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў у вясковых школах. Удзельнік аграрнага руху ў час рэвалюцыі 1905—07. Адзін з арганізатараў нелегальнага настаўніцкага з’езда 9.7.1906 у Мікалаеўшчыне, на якім зрабіў даклад пра паліт. становішча ў Расіі. З’езд быў разагнаны паліцыяй. У канцы 1906 эміграваў у ЗША. Працаваў на розных прадпрыемствах. З 1908 член рускага аддзела Амерыканскай сацыялістычнай партыі. У 1913 скончыў медыцынскі ф-т Мэрылендскага ун-та ў Балтыморы. У 1917 праз Японію трапіў на Далёкі Усход. Займаў там розныя адміністрацыйныя пасады. З 1921 наркам аховы здароўя БССР. У 1924—26 загадчык бел. сектара Камуністычнага ун-та нацыянальных меншасцей Захаду ў Маскве. З 1926 дацэнт БДУ. З 1928 рэктар Камуністычнага ун-та Беларусі. У 1931—32 працаваў у Інстытуце літаратуры і мастацтва БелАН. У публіцыстыцы «грашыў» сацыялагізатарскім, класавым падыходам да творчасці пісьменнікаў. З 1932 дырэктар Інстытута гігіены і санітарыі Наркамата аховы здароўя РСФСР. З 1935 працаваў ва Усесаюзным радыёкамітэце. Арыштаваны 10.1.1938. У чэрв. 1938 Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны 6.10.1956.
Тв.: Успаміны з рэвалюцыі 1905—1906 гг. // Полымя. 1923, № 3—4; Аграрны рух на Меншчыне ў 1905—1906 гг. // Наш край. 1925, № 1; Класавая барацьба ў беларускай літаратуры // Бальшавік Беларусі. 1930, № 8—9; За ленінскую лінію ў нацыянальнай палітыцы. Мн., 1931; Вандраванне Васіля. Мн., 1932.
Лiт.: Инсаров И.А. А.А.Сенкевич — врач, видный общественный и политический деятель // Здравоохранение Белоруссии. 1972, № 12; Камароўскі А. Хроніка аднаго жыцця // Полымя. 1973, № 4; Соломевич И.В. Родился на Немане // Белорусский экватор. Мн., 1981; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 6-1.
[Паводле кнігі: т. II, с. 260–261]
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.