Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том II » СЦЕРНІН (БАГДАНОВІЧ) Мікалай Клеафасавіч
[1900, Магілёў —?], журналіст. Нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка. Скончыў Магілёўскую гімназію. З 1913 працаваў карэктарам мясцовай земскай друкарні. У 1917 уваходзіў у склад Магілёўскай арганізацыі РСДРП (левыя інтэрнацыяналісты). У розныя гады рэдагаваў ці быў супрацоўнікам газ.: «Соха и молот», «Известия Оршанского Совета», «Оренбургский рабочий», «Тамбовская правда», «Красное Знамя» (Цюмень), «Красный шахтёр» (Шахты), «Донская правда» (Таганрог), «Кооперативная жизнь» (Масква) і інш. Узначальваў Саюз журналістаў у Магілёве. У 1932 скончыў вышэйшыя рэдактарскія курсы ў Маскве. Потым працаваў нам. загадчыка сектара друку ВЦСПС. Нечакана С. перавялі ў Чашніцкі р-н Віцебскай вобл. на пасаду начальніка палітаддзела саўгаса «Пачаевічы». Пазней быў рэдактарам газ. «Звязда». Звольнены ў жн. 1936 «за потерю революционной бдительности и допущение засоренности аппарата редакции… чуждыми людьми». Працаваў пасля гэтага ў Інстытуце мовы і літаратуры АН БССР рэдактарам руска-бел. слоўніка і сакратаром рэдакцыйнага аддзела акадэміі. Арыштаваны ў чэрв. 1938. Вызвалены 11.7.1938 пасля ліста ў ЦК КП(б)Б. Звесткі пра далейшы лёс адсутнічаюць.
Літ.: Селяменеў В., Бараноўскі Я. Пачыналі па-рознаму — завяршалі аднолькава (Драматычныя лёсы рэдактараў газеты) // Звязда. 1997, 10 крас.
[Паводле кнігі: т. II, с. 252–253]
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.