Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том II » СТУКАЛІЧ Уладзімір Казіміравіч
[псеўданім: Веневич; крыптанім: В.С.; 28.10(9.11).1856, Екабштат Курляндскай губ., цяпер Екабпілс, Латвія — 18.10.1918, Віцебск], літаратуразнавец, гісторык, юрыст. Паходзіў са шляхецкай сям’і. Адразу пасля нараджэння С. яго бацькі пераехалі ў Віцебск. У 1867—79 вучыўся ў Віцебскай гімназіі; у 1879—83 на адміністрацыйным аддзяленні юрыдычнага ф-та Пецярбургскага ун-та. Пасля сканчэння ун-та пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю. Актыўна друкаваў гісторыка-літаратурныя матэрыялы ў газ. «Русский курьер». Працаваў над дысертацыяй «Юрыдычнае становішча гарадской абшчыны ў Заходняй Русі». Займаўся адвакацкай практыкай. Падтрымліваў сувязі з народнікамі. Арыштаваны ў студз. 1889; 4 месяцы правёў у зняволенні; з-за слабога здароўя адпушчаны пад нагляд паліцыі. У лют. 1891 да С. ў Віцебск прыязджаў рускі пісьменнік Г.Успенскі, з якім С. перапісваўся з 1886. У 1891 выйшла кніга С. «Беларусь і Літва», якая вытрымала яшчэ 2 выданні. Даследаваў аўтарства паэмы «Тарас на Парнасе». Член Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Выступаў за адкрыццё ў Віцебску ун-та. У 1893 пазнаёміўся з мастаком І.Рэпіным. Даследаваў творчасць М.Нікіфароўскага і А.Сапунова (прысвяціў ім асобныя кнігі). У 1898 пакінуў адвакацкую практыку і перайшоў у казённую палату. На працягу 3 гадоў жыў у Слоніме і Гродне; потым вярнуўся ў Віцебск.
Тв.: Белоруссия и Литва: Очерки из истории городов в Белоруссии. Витебск, 1891 (1893, 1894); Мальцевские заводы. Витебск, 1894; Краткая заметка о белорусском наречии. Витебск, 1895; Н.Я.Никифоровский: Странички из недавней старины города Витебска. Витебск, 1900; М.Ковалевский: Экономический строй России. Витебск, 1901; К вопросу об устройстве университета в Витебске. Витебск, 1903; А.П.Сапунов: К 25-летию его ученой и литературной деятельности. Витебск, 1905; Н.Я.Никифоровский: 1845—1910 годы. Витебск, 1910.
Літ.: Падліпскі А. Летапісец Віцебшчыны. Мн., 1993; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.
[Паводле кнігі: т. II, с. 244–245]
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.