Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том II  » САЛАГУБ Алесь Феафілавіч 

САЛАГУБ Алесь Феафілавіч

[псеўданімы: Лявон Адраджэнец; Лявон Чачотка; крыптанімы: А.С.; А.С. і В.Т. (разам з В.Таўлаем); 5(18).10.1906, в. Зарудзічы Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл. — 17.5.1934, Мінск, НКВД], паэт, публіцыст, літаратуразнавец, мемуарыст. У 1922—27 вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Сістэматычна літаратурнай дзейнасцю займаўся з 1924. Публікаваўся ў зах.-бел. выданнях «Студэнцкая думка», «Беларуская ніва», «Народная справа», «Маланка». У 1926 ад талстоўскай ідэі «несупраціўлення» перайшоў да канцэпцыі класавага змагання і сацыялістычных ідэй. Удзельнічаў у руху БСРГ, арганізоўваў у сваім павеце гурткі Грамады, распаўсюджваў забароненую літаратуру. Арыштоўваўся польскімі ўладамі ў 1924 і 1927, быў вязнем Лукішак і Стафанаўскага астрогу ў Вільні. Пасля вызвалення ў 1928 нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу. Паступіў вучыцца ў БДУ. У 1929 выдаў зборнік вершаў, якія былі напісаны ў зняволенні. Пасля сканчэння ў 1931 ун-та аспірант Інстытута літаратуры і мастацтва БелАН. У 1933 у час. «Полымя рэвалюцыі» (№ 1) апублікаваў працу «Мастацкая літаратура «Грамады», дзе прааналізаваў прэсу і літаратуру БСРГ. Арыштаваны 10.8.1933 па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Калегіяй АДПУ СССР прыгавораны 9.1.1934 да расстрэлу. Рэабілітаваны 18.4.1956. Сям’я С. (жонка і сын) таксама былі рэпрэсаваны і сасланы на Поўнач. Самы значны твор літаратурнай спадчыны С. — «Лукішскі дзённік», апублікаваны фрагментамі ў 1961.

Тв.: Лукішкі: Вершы з Заходняй Беларусі. Мн., 1929; Лукішскі дзённік: Фрагменты // Полымя. 1961, № 4.

Літ.: Калеснік У. Слова з-за крат // Полымя. 1961, № 4; Яго ж. Алесь Салагуб // Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982; Ліс А. Дзе вы, хлопцы, браты песняры? // Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994; Возвращенные имена; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".