Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том II  » МІЦКЕВІЧ Адам 

МІЦКЕВІЧ Адам

[24.12.1798, фальварак Завоссе Навагрудскага пав. Літоўскай губ., цяпер Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл. — 26.11.1855, Стамбул, Турцыя], паэт, публіцыст, асветнік. Пісаў на польскай мове. Паходзіў з шляхецкага роду Рымвідаў-Міцкевічаў герба «Порай». У 1815 скончыў Навагрудскую дамініканскую школу; у 1819 Віленскі ун-т. Падчас вучобы ва ун-це быў адным з лідэраў тайных студэнцкіх таварыстваў філаматаў і філарэтаў. У 1819 накіраваны на выкладчыцкую працу ў Коўна. У 1823 тайныя таварыствы былі выкрытыя; арыштавалі таксама М., які правёў у зняволенні некалькі месяцаў. У кастр. 1824 М. было загадана пакінуць родныя мясціны. Пад тайным наглядам паліцыі жыў у Пецярбургу, Адэсе, Маскве. У маі 1829 пакінуў Расію раней, чым быў падпісаны загад цара пра забарону выезду. Жыў у Рыме, Швейцарыі. Атрымаўшы паведамленне пра паўстанне, спрабаваў выехаць на Радзіму. Ужо ў Познані даведаўся пра паражэнне паўстання. З 1832 у Парыжы. Разам з І.Лялевелем адзін з лідэраў дэмакратычнага крыла эміграцыі з тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Рэдагаваў час. «Pielgrzym Polski». У 1839 прафесар Лазанскага ун-та; з 1840 узначальваў кафедру славянскіх літаратур у Калеж дэ Франс у Парыжы. У лекцыях даў высокую ацэнку бел. мове і фальклору, на якія стала абапіраўся ў мастацкай творчасці. У 1848 падчас рэвалюцыі стварыў у Італіі польскі легіён. З 1849 зноў у Парыжы, рэдагаваў газ. «La Tribune des Peuples». З 1852 бібліятэкар Арсенала. У 1855, пасля пачатку Крымскай вайны, выехаў у Турцыю, дзе ствараў атрады з ураджэнцаў Рэчы Паспалітай для барацьбы з царскай Расіяй. Памёр у Стамбуле падчас эпідэміі халеры. Многія біёграфы мяркуюць, што смерць М. з’явілася вынікам паліт. інтрыг. Пахаваны ў Кракаве. Многія творы М. сталі агульнапрынятымі сімваламі вызваленчага руху на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, «Ода да маладосці» была ўспрынята як маніфест паўстання 1830—31. Пасля напісання ў віленска-ковенскі перыяд паэмаў «Гражына» і «Дзяды» постаць М. выйшла на першы план у польскамоўнай літаратуры. У Навагрудку створаны Дом-музей Адама Міцкевіча; яго імем названы вуліцы ў Навагрудку, Гродне, Брэсце. У многіх гарадах Польшчы, Беларусі і іншых краін устаноўлены помнікі і бюсты М.

Тв.: Dziela. T. 1—16. Warszawa, 1955; Бел. пер.: Выбраныя творы. Мн., 1955; «Зямля навагрудская, краю мой родны…» Мн., 1969; Пан Тадэвуш. Мн., 1985; Да Нёмна. Мн., 1998; Санеты = Sonety. Мн., 1998; Дзяды = Dziady. Т. 1—2. Мн., 1999.

Літ.: Лойка А. Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959; Мірачыцкі Л. Светлым ценем Адама Міцкевіча: Эміграцыя з Наваградчыны. Мн., 1994; Брага С. Міцкевіч і беларуская плынь польскае літаратуры // З гісторыяй на «Вы». Вып. 3. Мн., 1994; Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Biaіoruњ. Мн., 1997; Мархель У.І. «Ты як здароўе…»: А.Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння беларускай літаратуры. Мн., 1998; ЭГБ, т. 5.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".