Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » КНОРЫН (Кнорыньш) Вільгельм Георгіевіч
[17(29).8.1890, б. хутар Цыелі Цэсіскага пав. Ліфляндскай губ., цяпер Цэсіскі р-н, Латвія — 29.7.1938, Масква, НКВД], савецкі дзяржаўны і партыйны дзеяч, публіцыст, рэдактар. У 1910 скончыў настаўніцкую семінарыю ў Валміеры (Латвія). З 1910 член Сацыял-дэмакратычнай партыі Латвіі, пазней у РКП(б). У час 1-й сусветнай вайны ў дзеючай царскай арміі. У 1917 удзельнічаў у стварэнні савецкіх органаў улады на Зах. фронце. З мая 1917 сакратар Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, член яго бальшавіцкай фракцыі. У 1918 старшыня Смаленскага губ. камітэта РКП(б). У той перыяд процідзейнічаў спробам утварэння бел. дзяржаўнасці, у тым ліку і савецкай. З 1919 кіраўнік спраў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. 31.7.1920 ад імя КП(б)ЛіБ падпісаў Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці ССРБ. Сакратар Цэнтральнага бюро КП(б)Б у 1920—22, 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б у 1927—28. У 1928—35 у выканкаме Камінтэрна. З 1932 дырэктар Інстытута чырвонай прафесуры (Масква), член рэдкалегіі газ. «Правда» (1932—34), галоўны рэдактар час. «Коммунистический Интернационал» і «Большевик» (1934—37). У 1935—37 нам. загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі ЦК ВКП(б). 28.7.1938 Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР асуджаны на расстрэл. Рэабілітаваны 30.11.1955. Імем К. названа вуліца ў Мінску.
Тв.: Избранные статьи и речи. Мн., 1990.
|
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу спадчыннікаў аўтара забаронена.